В.Завадзкая: «Заўсёды сумнявалася, што ў выкраданьні сына вінаваты Ігнатовіч»

29/11/2007

Былы міліцыянт Валер Ігнатовіч, якога суд прызнаў вінаватым у выкраданьні журналіста ОРТ Зьмітра Завадзкага, зьвярнуўся зь лістом да Аляксандра Лукашэнкі. Валер Ігнатовіч зноў заяўляе пра сваю невінаватасьць і патрабуе апраўданьня.

Былога афіцэра спэцпадразьдзяленьня «Алмаз» Валера Ігнатовіча пяты год трымаюць у Жодзінскай турме ў камэры для пажыцьцёва зьняволеных. За ўдзел у выкраданьні Зьмітра Завадзкага Ігнатовіча асудзілі на 10 гадоў, а таксама прызналі вінаватым у іншых цяжкіх злачынствах — і ўрэшце ён атрымаў пажыцьцёвае зьняволеньне.

«Чакаю, каб мяне цалкам апраўдлі, і заяўляю пра сваю недатычнасьць да злачынстваў, у якіх мяне абвінавацілі, асудзілі й неправамерна зьняволілі. Я зусім невінаваты», — піша Ігнатовіч у адкрытым лісьце да Аляксандра Лукашэнкі.

Гэты ліст трапіў у мэдыі пасьля нядаўняй сустрэчы вязьня з бацькам. Бацька былога міліцыянта паведаміў, што сын у вельмі дрэнным стане: «Сам не трымае нават лыжкі».

Ці магла здарыцца судовая памылка ў справе аб выкраданьні Зьмітра Завадзкага?

Маці журналіста Вольга Завадзкая паўтарае, што віны Ігнатовіча ў выкраданьні яе сына ў судзе не даказалі.

«Больш за тое, нават датычнасьць іх да выкраданьня выглядала непераканаўча — ні дзе, ні як. Па дарозе ці ў аэрапорце? А потым нечакана зьявілася гэтая рыдлёўка».

Аднак што да доказаў іншых злачынстваў, у тым ліку забойстваў прадпрымальнікаў, Вольга Завадзкая віны Ігнатовіча не выключае.

Гары Паганяйла, які быў абаронцам інтарэсаў Вольгі Завадзкай, згадвае, што ў справе ёсьць толькі два моманты, якія суд палічыў доказамі віны Ігнатовіча і ягонага суўдзельніка Міхаіла Маліка ў выкраданьні Завадзкага.

Гэта тое, што «чалавека, падобнага на Маліка, бачылі каля дому журналіста”, і другі доказ — рыдлёўка “з фрагмэнтам біялягічнага рэчыва, якое належала Завадзкаму».

Маці Міхаіла Маліка Валянціна мяркуе, што рыдлёўку ў аўтамабіль, на якім езьдзілі Ігнатовіч і яе сын, падкінулі:

“Яе падкінулі, гэта пэўна. Бо раней аўтамабіль аглядалі неаднойчы, а рыдлёўкі не знаходзілі».

Гары Паганяйла нагадаў, што суд цалкам апраўдаў Ігнатовіча па адным эпізодзе пра забойства:

«Ужо калі Вярхоўны Суд адхіліў абвінавачаньне пра забойства сям’і Насібавых з Азэрбайджану, паводле якога было дастаткова прамых доказаў, то я мяркую, што паміж сьледзтвам і судом магла быць дамова. Пра тое, каб нешта пакінуць, нешта зьняць, і вось так хістка асудзіць за выкраданьне Завадзкага Ігнатовіча і Маліка».

Гары Паганяйла нагадаў вядомы факт: падчас сьледзтва ў камэру, дзе ўтрымлівалі Валера Ігнатовіча, прыходзіў на сустрэчу зь ім міністар унутраных справаў Уладзімер Навумаў, які ў сярэдзіне 1990-х гадоў камандаваў «Алмазам», дзе служыў Ігнатовіч.

Гары Паганяйла не выключае, што Ігнатовіча схілялі ўзяць на сябе віну за выкраданьне Завадзкага, а за гэта абяцалі захаваць жыцьцё.

«Магчыма, таму суд і апраўдаў Ігнатовіча па некаторых забойствах, бо інакш яму трэба было даваць расстрэл», — мяркуе праваабаронца.

Ці адкажа Аляксандар Лукашэнка на ліст Валера Ігнатовіча? Былы алмазавец ужо ня першы раз зьвяртаецца да кіраўніка дзяржавы, але пакуль безвынікова.

Нагадаем, справу аб зьнікненьні апэратара ОРТ Зьмітра Завадзкага завялі ўлетку 2000 году. Аляксандар Лукашэнка назваў Зьмітра Завадзкага сваім сябрам і паабяцаў зрабіць усё, каб журналіста знайшлі.

Празь некалькі месяцаў былі арыштаваныя Валер Ігнатовіч і ягоныя суўдзельнікі Малік, Гуз і Савушкін. Праз два гады суд прызнаў Ігнатовіча і Маліка вінаватымі ў выкраданьні Завадзкага і ўтрыманьні яго ў няволі, але журналіста так і не знайшлі.

Апазыцыя ў Беларусі мяркуе, што Зьміцер Завадзкі стаў ахвярай створанага ўладамі «эскадрону сьмерці», які зьнішчаў апанэнтаў дзейнага палітычнага рэжыму.