Час чакання

03/12/2007

Беларусь не пазнаць. Змрочныя твары. Пустыя вочы. Нідзе не ўбачыць усмешку. Натоўп насцярожаны і маўклівы. Навіны такія, што мухі ад іх паздыхалі яшчэ ўлетку. Навокал краіна, у якой нічога не адбываецца. Толькі суды, суды, суды…Што гэта з намі, панове? Так усіх зачаравала дудка крысалова? Скончыўся залаты запас надзеі? Паверылі, што сапраўды — «всерьез и надолго»?

Мы не першыя і не апошнія, каго ўласнае глупства завяло ў пастку. І не варта шукаць вінаватага. І адзін аднаму выстаўляць рахунак за страчаныя надзеі, змарнаваны час, бясконцыя расчараванні. Так, горка і крыўдна. Чаму гэта нам давялося разлічвацца за тое, што ў пэўны час безнадзейна даверлівых выявілася нашмат больш, чым людзей цвярозых. Безумоўна, кожны мае святое права на свой уласны, нават самы экзатычны выбар. Але ці мае гэткае ж права сваім недарэчным выбарам псаваць жыццё ўсім астатнім? Няпростае пытанне. Ды размова зусім не пра тое.

Не бывае ў свеце такога адчаю, такой усеагульнай стомы, такога бязмежжа, якія аднойчы не скончыліся б. Што там біблійны цар Саламон накрэсліў на сваім славутым пярсцёнку? Праходзіць усё. Дык няўжо тутэйшая дурната не пройдзе ніколі?

Абачлівы Рамэн Ралан напярэдадні ўсеагульнай роспачы свайго шматпакутнага кантынента напісаў раптам неверагодна аптымістычную гісторыю пра цесляра з мястэчка Кламсі, якога ўвесь час рабавала да ніткі вайна. Яна доўжылася бясконца. Цясляр вяртаўся на пажарышча, даставаў прыхаваны ў зямлі збан віна і пачынаў будавацца нанова. Зноў і зноў. Ды радаваўся кожнаму ўспаміну пра чароўную Ласачку, усмешка якой да апошняга дня яму мроілася ў ценю вішнёвай лістоты. І чхаць ён хацеў на тую вайну.

Але што нам французы! Мы даўно не чытаем. Мы слухаем. Усё тую ж абрыдлую дудку. І пад яе завыванне плачам над сваёй горкай доляй. Зноў нас усе абмінулі. Зноў мы — у балоце. А як маглі жыць, якой магла быць краіна!..

І так з году ў год. Са стагоддзя ў стагоддзе. Не можам ніяк зразумець, што даўно ўжо ніхто нам не спачувае. Еўропа не любіць няўдачнікаў. Колькі можна быць народам, які зноў і зноў упускае свой шанс? Гісторыя не можа ствараць іх бясконца. Стамляецца нават яна.

Цяпер новую завялі песню: апазіцыя ва ўсім вінаватая. А хто ж яшчэ!.. Вунь Лябедзька з Севярынцам паехалі ў Амерыку. Усё ездзяць. А мы так спадзяваліся, што яны возьмуць адсталы калгас, падымуць яго дабрабыт, дамовяцца з уладай, вернуць адабраныя ільготы. І кожнаму што-небудзь дадуць. Не, не тая ў нас апазіцыя.

Ва ўсім свеце пытанне вырашаецца проста. Не падабаецца апазіцыя — злезь з печы і сам ствары супраціў. І перамагай, калі ведаеш, як гэта робіцца ў краіне злоснай і амаральнай дыктатуры. Нават у дзяржаве апантанага Чавеса стотысячныя калоны выходзяць супраць гарылаў рэжыму. І не баяцца. Дакладней, баяцца страшэнна. За сваю будучыню. За уласную сям’ю. За дзяцей. І таму выходзяць. І будуць змагацца.

А мы не можам у рашучы момант адарваць зад ад канапы. Будзем сядзець і тупа глядзець у тэлевізар. Так усё добра відаць! Вунь як мала сабралася. Зноў пайшлі не туды. Вядома, апазіцыя не тая. Не можа нічога!..

Забылі ўжо мову. Літары пачынаем забываць. І нават Караткевіча наўрад ці адолеем. А то, можа, некалі перачыталі б «Ладдзю роспачы». Там і ўвогуле шляхціц Гервасій Выліваха трапіў на такі бераг, адкуль ніколі яшчэ ніхто не вяртаўся. А ён вярнуўся. І прыяцеляў вывеў. Бо не глядзеў у тэлевізар. А спадзяваўся толькі на сябе ды на ўласную шаблю.

Беларусь — краіна сумленных, прыстойных людзей. І ўбогая купка тых, хто жыццё «по понятиям» наважыўся навязаць усёй краіне, не адолее іх. У тутэйшай мёртвай цішыні толькі глухі не чуе, як праз бетон дыктатарскай стабільнасці прарастаюць парасткі супраціву. Ні адно таталітарнае збудаванне ў Еўропе не выстаяла. Усе рассыпаліся ў пыл. І гэта не будзе выключэннем.

Снежань на двары. Якое слова — снежань… І з гэткай музыкай не верыць у лепшы лёс?

А пакуль варта падрыхтаваць абрус і сена. Бо на парозе ўжо Каляды. Паверне сонца на вясну свабоды. І спадарыня Гісторыя напэўна дасць нам яшчэ адзін шанс.

Трава праз бетон прарастае паціху.

А свабода не любіць панылых.