6 снежня адбылася сустрэча дэлегацыі беларускай апазіцыі з прэзідэнтам ЗША. Замест запланаваных 40 хвілін размова з Джорджам Бушам доўжылася гадзіну. «Улічваючы важнасць сустрэчы і абмежаванасць часу, было складана падабраць тыя тэмы, якія павінны былі прагучаць ў першую чаргу. Аднак прэзідэнт адразу накіраваў размову ў русла дыскусіі, задаваў канкрэтныя пытанні і паказаў сябе вельмі арыентаваным ў беларускіх справах. Ён сказаў: уявіце, што вы Буш, і што вы можаце зрабіць для Беларусі», — адзначыў кіраўнік беларускай дэлегацыі, лідэр руху «За Свабоду» Аляксандр Мілінкевіч.
Аляксандр Мілінкевіч назваў размову з Джорджам Бушам прадметнай і вельмі грунтоўнай. Пасля размовы прэзідэнт ЗША правёў для беларускіх дэлегатаў экскурсію па сваім кабінеце.
«Мы размаўлялі пра падтрымку медыяў у краіне, тэлебачання «Белсат», дзейнасці грамадзянскай супольнасці. Былі абмеркаваны таксама пытанні каардынацыі міжнароднай палітыкі ў дачыненнях з рэжымам Лукашэнкі», — распавёў Мілінкевіч.
На сустрэчы ў Белым доме прысутнічала амбасадар ЗША у Беларусі Карэн Сцюарт.
Кіраўнік дэлегацыі паведаміў, што акрамя сустрэчы з прэзідэнтам ЗША беларуская дэлегацыя правяла прэс-канферэнцыю ў офісе радыё «Свабода», пазней быў тэле-мост з прэзідэнтам радыё Джэфры Гедмінам. Вечарам запланавана сустрэча з беларускай дыяспарай.
Нагадаем, учора ў Кангрэсе ЗША прайшлі спецыяльныя слуханні «Беларусь: ад дыктатуры да дэмакратыі», а таксама адбыліся сустрэчы беларускай дэлегацыі з кіраўніцтвам Фонда Маршала, з дырэктарам Міжнароднага рэспубліканскага інстытута ЗША Лорнам Крэйнерам, з супрацоўнікамі нацыянальнага Фонда падтрымкі дэмакратыі і паслом Германіі ў ЗША Клаусам Шарыётам.
У склад беларускай дэлегацыі ўваходзяць лідэр руху «За Свабоду» Аляксандр Мілінкевіч, кіраўнік Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, моладзевы лідэр Павал Севярынец, старшыня Партыі камуністаў Беларускай Сяргей Калякін, намеснік старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Анатоль Ляўковіч, адзін з лідэраў «Маладога Фронту» Зміцер Хведарук, былая палітзняволеная Эніра Браніцкая.
Хартыя’97