Заява праваабарончага цэнтра «Вясна» да Дню правоў чалавека

10/12/2007

Улады Беларусі дэманструюць грэблівае стаўленьне да правоў чалавека.

Заява праваабарончага цэнтра «Вясна»

Менск, 10 сьнежня 2007 г.

 

10 сьнежня 2007 г. спаўняецца 59 гадоў з моманту прыняцьця Усеагульнай Дэкларацыі правоў чалавека. Ва ўсім сьвеце гэты дзень адзначаецца як Дзень правоў чалавека. Рэспубліка Беларусь, як краіна сузаснавальніца Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў, ратыфікавала і ўзяла на сабе абавязацельствы па выкананьні прынцыпаў, закладзеных у Дэкларацыі.

Праваабарончы цэнтр «Вясна» з вялікай заклапочанасьцю канстатуе, што ў Беларусі не выконваюцца асноўныя грамадзянскія і палітычныя правы. Пры гэтым парушэньні носяць сістэмны характар, абумоўлены сьвядомай палітыкай дзяржаўнай улады і яе вышэйшых кіраўнікоў.

Дагэтуль застаюцца не расьсьледаванымі выпадкі гвалтоўных зьнікненьняў апазіцыйных палітыкаў Віктара Ганчара, Юрыя Захаранкі, бізнесоўца Анатоля Красоўскага і журналіста Дзьмітрыя Завадзкага.

У месцах пазбаўленьня волі знаходзяцца палітычныя вязьні Аляксандр Казулін, Дзьмітрый Дашкевіч, Артур Фінькевіч і Андрэй Клімаў.

У Беларусі выкарыстоўваецца крымінальны і іншы перасьлед грамадзка-палітычных апанентаў рэжыму, актыўна ўжываюцца прэвентыўныя, адвольныя затрыманьні і адміністратыўныя арышты. Узмоцніўся ціск КГБ на грамадзянскую супольнасьць краіны.

Негатыўнае ўзьдзеяньне парушэньняў правоў чалавека на грамадзтва ўзрастае з-за адсутнасьці эфектыўных механізмаў узнаўленьня парушаных правоў: адсутнічае незалежны і справядлівы суд, незалежные СМІ знаходзяцца на мяжы зьнішчэньня, значна абмежаванае права на асацыяцыю і выказваньне меркаваньня, свабода сходаў.

Беларусь адкрыта адмаўляецца ад міжнародных механізмаў правоў чалавека, дэманструе непрыняцьце высноваў Камітэту па правах чалавека ААН па індывідуальных зваротах грамадзянаў, не прымае мераў па давядзеньні да ведама жыхароў Беларусі прынятых ААН рэзалюцыяў па правах чалавека, не прадстаўляе чарговыя справаздачы па выкананьні Міжнароднага Пакту пра грамадзянскія і палітычныя правы.

Прыходзіцца канстатаваць, што парушэньне правоў чалавека ў Беларусі пераўтварылася ў адзін з асноўных метадаў дзяржаўнага кіраваньня. Беларускія ўлады адкрыта дэманструюць сваё грэблівае стаўленьне да каштоўнасьцяў правоў чалавека ў цэлым.