У Курапатах ушанавалі памяць рэпрэсаваных

29/01/2008

29 студзеня ва ўрочышчы Курапаты адбылася акцыя памяці ахвяраў сталінізму. Ладзіла яе мэмарыяльная сэкцыя Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры.

Каля 20 прадстаўнікоў грамадзкасьці і журналістаў сабраліся а 16 гадзіне ва ўрочышчы Курапаты, каб ушанаваць памяць ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў. Яны ўсклалі кветкі і запалілі зьнічы каля курапацкіх крыжоў. Падобныя акцыі штомесяц праходзілі ў мінулым годзе, які грамадзкі камітэт абвясьціў Годам памяці. Сёлета штомесяц 29 чысла прадстаўнікі грамадзкасьці зноў будуць зьбірацца ў Курапатах. Старшыня мэмарыяльнай сэкцыі Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Вячаслаў Сіўчык сказаў:

“Якраз за 2007 год адной зь лепшых напрацовак грамадзкага аргкамітэту па Году памяці было тое, што са студзеня па сьнежань 2007 году акцыі адбываліся ў Курапатах. Была закладзена такая беларуская традыцыя. Гэтыя акцыі адбываюцца дзеля таго, каб 29 кастрычніка было днём памяці ахвяраў таталітарных рэжымаў. Фармат таксама выпрацаваны такі народны. Ён ня штучны. Людзі аддаюць даніну памяці ў тым выглядзе, як яны могуць, як гэта прынята на Беларусі”.

Намесьнік старшыні мэмарыяльнай сэкцыі Ўладзімер Раманоўскі апавёў аб плянах стварэньня Інстытуту нацыянальнай памяці.

“Мы ведаем, што праца Інстытуту нацыянальнай памяці будзе прысьвечана праблеме культуры, якую таксама фактычна зьнішчылі як гістарычны фактар. Інстытут нацыянальнай памяці сёлета будзе стварацца на ўзроўні аргкамітэту. Гісторыя — станавы хрыбет культуры. Усталяваўшы станавы хрыбет гістарычнай памяці, мы можам і адрадзіць культуру, а культура — гэта падмурак для каштоўнасных крытэраў жыцьця чалавека. Каб у нас былі ня толькі чаркі і скваркі, а каб у нас былі нармальныя чалавечыя крытэры нашага жыцьця”.

Адна з удзельніц, актывістка Маладога фронту Тацяна Шапуцька, сказала:

“Мы бяром удзел у гэтай акцыі штомесяц. Мы не павінны забывацца на гэтае месца. На жаль, сюды ходзіць ня вельмі многа людзей і пераважна сталага веку. Мы лічым, што Курапаты трэба памятаць дзеля будучыні”.