4 лютага, у дзень нараджэньня Тадэўша Касьцьюшкі, прадстаўнікі беларускай дыяспары ўсклалі кветкі да яго помніка ў цэнтры Вашынгтона.
Большасьць беларусаў ведаюць Касьцюшку як арганізатара паўстаньня за аднаўленьне незалежнасьці Рэчы Паспалітай. Але акіянам ён болей вядомы як герой вайны за незалежнасьць ЗША. У 1776 годзе Касьцьюшка далучыўся да арміі ЗША як дабраахвотнік, а ўжо праз некалькі гадоў даслужыўся да званьня брыгаднага генерала інжынерыі.
Існуе гісторыя, што пасьля таго, як Касьцюшка прачытаў Дэкларацыю пра незалежнасьць ЗША ён быў настолькі ўзрушаны тымі правамі і свабодамі, што ў ёй гарантаваліся, што вырашыў сустрэцца з яе асноўным аўтарам —Томасам Джэферсанам. Пасьля сустэчы з Джэферсанам яны сталі блізкімі сябрамі. А пазьней Джэферсан, трэці прэзідэнт ЗША, назваў Касьцюшку самым сапраўдным сынам свабоды, якога ён калісьці ведаў.
Пасьля некалькіх гадоў службы ў ЗША Касьцьюшка атрымаў грамадзянства, зямлю, а таксама буйную суму грошай ад амерыканскага ўрада. Але нягледзячы на пашану і выгоды, што ён меў у Амерыцы, Касьцьюшка вырашыў у 1784 годзе вярнуцца ў Эўропу. Касьцьюшка падняў паўстаньне за свабоду і незалежнасьць сваёй Бацькаўшчыны.
Аднак Амерыка памятае нашага земляка і свайго героя і сёньня. Шматлікія масты, вуліцы, і нават выспы ў ЗША названыя ў гонар Тадэўша Касьцюшкі. Помнік Касьцюшку стаіць і ў Лафает парку насупраць Белага Дома ў Вашынгтоне. 4 лютага каля гэтага помніка з’явіліся белыя і чырвоныя ліліі.
Яраслаў Крывой