«Офіс за Дэмакратычную Беларусь» звяртаецца да грамадскіх арганізацый з прапановай падтрымаць кампанію, накіраваную на зніжэнне коштаў Шэнгенскіх віз для грамадзян Беларусі. Вашай увазе тэкст звароту:
Шаноўныя прадстаўнікі палітычных партый, грамадскіх арганізацый і незалежных медыя асацыяцый,
Звяртаемся да вас з прапановай падтрымаць кампанію, распачатую ў Еўрапейскім Парламенце трыма прадстаўнікамі гэтай структуры — Генавефай Грабоўскай (Польшча), Юстасам Палецкісам (Летува) і Ханэсам Свобадам (Аўстрыя), і накіраванай на зніжэнне коштаў Шэнгенскіх віз для грамадзян Беларусі. Беларусь з’яўляецца адзінай краінай Усходняй Еўропы, што не мае спрошчанага візавага рэжыму з ЕЗ.
Паколькі таннейшыя візы і прасцейшая працэдура іх атрымання ёсць прамым інтарэсам нас з вамі і нашых суайчыннікаў, а таксама разумеючы важнасць кантактаў паміж нашымі грамадзянамі і грамадзянамі іншых краін Заходняй Еўропы, мы з вамі павінны ўзяць як мага больш актыўны ўдзел ў прасоўванні кампаніі, ініцыяванай еўрапарламентарамі.
«Офіс за Дэмакратычную Беларусь» у Бруселі бузе накіроўваць лісты да прадстаўнікоў розных палітычных груп у ЕП з просьбай падпісаць дэкларацыю. З такой жа мэтай мы плануем наладжваць акцыі падчас парламенцкіх сесій у Страсбуры.
Важнай умовай поспеху з’яўляецца моцны сігнал з Беларусі, як пацверджанне неабходнасці разгляду візавага пытання Еўразвязам і зніжэння верагоднасці далейшай ізаляцыі насельніцтва краіны. Таму мы заклікаем вас далучыцца да лабіравання праблемы!!
Калі вы падтрымліваеце ініцыятыву па зборы подпісаў, калі ласка, дашліце паведамленне на info@democraticbelarus.eu ад імя вашай арганізацыі з указаннем назвы аб’яднання і прозвішчам кіраўніка. Ваш голас будзе перададзены арганізатарам акцыі і падвысіць шанцы на атрыманне 392 подпісаў, патрэбных для таго, каб дэкларацыя была дасланая на разгляд ў Раду Еўразвязу.
З павагай,
Вольга Стужынская
«Офіс за Дэмакратычную Беларусь»