Вацлаў Гавэл падпісаў заклік вызваліць Казуліна

01/03/2008

Міжнароднае аб’яднаньне «Грамадзянская Беларусь» распаўсюдзіла заяву, у якой патрабуе ад беларускіх уладаў вызваліць А.Казуліна і іншых палітвязьняў.

«Рашэньне аб кароткачасовым вызваленьні Аляксандра Казуліна з мэтай даць яму магчымасьць прыняць удзел у пахаваньні жонкі мы лічым недастатковым, гаворыцца ў заяве. Мы настойваем на тым, што існуе толькі адна магчымасьць выправіць несправядлівасьць, якую беларускім рэжым дапусьціў перасьледам Аляксандра Казуліна за ягоныя палітычныя погляды. Гэтай магчымасьцю ёсьць яго неадкладнае вызваленьне з турмы і спыненьне ўсіх рэпрэсіяў супраць яго».

Зварот падпісалі былы прэзыдэнт Чэхіі Вацлаў Гавэл, былы дысыдэнт і сэнатар Ян Румл, старшыня Чэскага Хельсынскага камітэту Ганна Шабатава, прэзыдэнт фэстывалю дакумэнтальных фільмаў «Адзін сьвет» Ігар Блажэвіч.