Напярэдадні 90-годдзя Беларускай Народнай Рэспублікі Уладзімір Арлоў, Юры Хашчавацкі і Алег Дашкевіч знялі фільм «Дзень Волі».
На думку аўтараў фільма, дакументальная кінастужка дазволіць суайчыннікам усвядоміць, што гістарычна і ментальна беларусы з’яўляюцца еўрапейцамі.
«У фільме мы гаворым пра тое, што калі б з дапамогай вялікіх дзяржаў захавалася незалежнасць Беларусі і Украіны, гэтыя краіны з насельніцтвам 50 мільёнаў чалавек і вялізнымі прыроднымі рэсурсамі маглі б прыкметна паўплываць на ўвесь ход еўрапейскай гісторыі. Бяздушны малох сталінскай імперыі знішчыў усіх бацькоў-заснавальнікаў БНР і прыхільнікаў ідэі беларускай дзяржаўнай незалежнасці, якія засталіся ў Савецкім Звязе», — адзначыў сцэнарыст, пісьменнік і гісторык Уладзімір Арлоў.
Ён мяркуе, што еўрапейскія палітыкі павінны прыслухацца да слоў Вацлава Гавела, які без Беларусі і Украіны не ўяўляе завершанай канфігурацыі дэмакратычнай Еўропы.
Для лаўрэата шматлікіх міжнародных і нацыянальных фэстаў дакументальных фільмаў Юрыя Хашчавацкага стужка «Дзень Волі» з’яўляецца 35 працай у кіно. Адзін з яго апошніх фільмаў, «Плошча», быў прадстаўлены на 15 кінафэстах. У гэтым годзе ён запланаваны да паказу на фэстах у Румыніі, ЗША, Украіне і Вялікабрытаніі.
Фільм «Дзень Волі» дэманстраваўся ў Еўрапарламенце ў рамках «Беларускага тыдня», прысвечанага 90-годдзю абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі.
Хартыя`97