Вялікая Брытанія — пра правы чалавека ў Беларусі

26/03/2008

Зьнешнепалітычнае ведамства Вялікай Брытаніі апублікавала чарговую, дзясятую па ліку справаздачу пра сытуацыю з правамі чалавека ў сьвеце. Асобны разьдзел у ёй прысьвечаны Беларусі.

У прадмове міністра замежных спраў Вялікай Брытаніі Дэйвіда Мілібэнда адзначаецца, што часам апошняга дзесяцігодзьдзя Вялікая Брытанія імкнецца ўмацаваць міжнародныя мэханізмы абароны правоў чалавека — як на ўзроўні ААН, гэтак і ў межах Рады Эўропы і АБСЭ. Робіцца ўсё больш зразумелым, што правы чалавека ў максымальна поўным аб’ёме могуць быць рэалізаваныя толькі ў дэмакратычным грамадзтве.

У разьдзеле, прысьвечаным Беларусі, гаворыцца пра адсутнасьць свабодных выбараў, парушэньні ўладамі правоў чалавека, ціск на незалежную прэсу, закрыцьцё недзяржаўных грамадзкіх арганізацыяй. Называюцца імёны палітычных вязьняў апошняга часу — Аляксандра Казуліна, Зьмітра Дашкевіча, Андрэя Клімава.

Аўтары справаздачы брытанскага МЗС нагадваюць, што Эўрапейскі Зьвяз патрабаваў ад афіцыйнага Менску правесьці незалежнае сьледзтва ў справе зьнікненьня Юр’я Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага і Зьмітра Завадзкага.

У справаздачы адзначаецца, што Вялікая Брытанія будзе імкнуцца спрыяць усталяваньню ў Беларусі дэмакратычных каштоўнасьцяў і грамадзянскіх правоў.