Парсюкевічу далі два з паловай году калёніі агульнага рэжыму

23/04/2008

20:38 Вынесены прысуд прадпрымальніку Сяргею Парсюкевічу. Ён прызнаны вінаватым у зьбіцьці міліцыянера і асуджаны да двух з паловай гадоў калёніі агульнага рэжыму.

Зь яго вырашана спагнаць 1 млн 100 тыс. рублёў у якасьці маральнай кампэнсацыі Сяргею Дулупу.

Паказаньні Акопава, Вінаградава, Таўстыкі прызнаныя несапраўднымі.

Прытым судзьдзя Аўдзеенка зазначыў, што зьмякчаючымі абставінамі было тое, што ў Сяргея Парсюкевіча — непаўнагадовы сын.

Прысуд быў сустрэты крыкамі "Ганьба". Парсюкевіч пасьля абвяшчэньня выраку выкрыкнуў: "Не пакідайце мяне тут!"

Прысуд можа быць абскарджаны цягам дзесяці дзён у Менскім гарадзкім судзе.

***

17:06 У сваім апошнім слове Сяргей Парсюкевіч сказаў:

"Ішоў восьмы дзень галадоўкі ў зьняволеньні, і трэба быць поўным ідыётам, каб з пачуцьця помсты зьбіваць супрацоўніка міліцыі. Я сам былы афіцэр міліцыі, таму цудоўна ведаю, што за такое бывае турма. Такім чынам мяне тут абвінавачваюць у ідыятызме?

Сьведчаньні з боку пацярпелага ўвесь час блыталіся. Яны падганяліся пад адзін капыл прама ў залі суду. Яны — непраўдзівыя. Я неаднаразова прапаноўваў Дулупу прайсьці дэтэктар хлусьні. Ён адмаўляўся, бо ведае, што гаворыць няпраўду.

Я не зьдзяйсьняў злачынства, а, як афіцэр спачатку абараняў свой гонар, а пасьля — жыцьцё».

Пасьля Сяргей Парсюкевіч дастаў іконку, паказаў прысутным і сказаў: "Вось Бог", а пасьля, паказаўшы на родных:

"А вось мая сям’я. Я клянуся жыцьцём і здароўем жонкі Натальлі і сына Дзяніса, а таксама сваёй маці, што нікога не зьбіваў". Пасьля, зьвяртаючыся да Дулупа, сказаў: "Бог яго пакарае за хлусьню".

Прысуд будзе абвешчаны паміж 19:30 і 20:30.

***

16:51 Адвакат Вера Страмкоўская кажа, што ў Парсюкевіча не было ніякага матыву для зьбіцьця Дулупа, адвакат просіць апраўдаць яго.

"Гэтая справа ставіць пад сумнеў давер да міліцыі і да ўлады. (..) Да матэрыялаў справы не былі далучаныя фуфайка Парсюкевіча з плямамі крыві, а таксама ягоны парваны швэдар. Мэдыцынскае абсьледаваньне 28 студзеня канстатавала, што ў Парсюкевіча быў зьбіты твар, а таксама ссадзіны на шыі, калі яго душылі. Гэтае зьбіцьцё было больш цяжкім, чым тое, якое нібыта было ў Дулупа".

Вера Страмкоўская не разумее, чаму не было медыцынскага абсьледаваньня Парсюкевіча ў той самы дзень, як зьбілі нібыта Дулупа. Ён (яе падабаронны) мог толькі зрабіць пасьля выхаду з турмы.

Між іншым, 22 студзеня Вера Страмкоўская наведвала сваіх падабаронных на Акрэсьціна, прынамсі, яна бачылася з Алесем Таўстыкам. Пасьля яна спытала ў міліцыі: "Як справы ў Сяргея Парсюкевіча". Яны адказалі, што ўсё нармальна, падставаў для хваляваньня няма, нягледзячы на тое, што днём раней адбыўся гэты інцыдэнт. Чаму пра гэта не было паведамлена?

Вера Страмкоўская не бачыць ніякага матыву для зьбіцьця Дулупа. Яна пытаецца:

"Дзеля чаго было зачыняцца ў асобным пакоі сам-насам, калі ў ім (пакоі) не было правілаў унутранага распарадку, якія Дулуп нібыта зьбіраўся паказаць Парсюкевічу".

На думку Страмкоўскай, працэс зьвязаны з тым, што Парсюкевіч стаў сапраўдным лідэрам прадпрымальніцкага руху, зарэкамэндаваў сябе як годны чалавек, да яго людзі неаднаразова зьвярталіся з рознымі просьбамі.

Напрыканцы Вера Страмкоўская сказала, што ўвесь сьвет сочыць за гэтым працэсам, і яго вынікі будуць сьведчыць пра сапраўдны стан дэмакратыі ў Беларусі.

16:07 Пракурор Сяргей Кунаш запатрабаваў для Сяргея Парсюкевіча 3 гады калёніі агульнага рэжыму. Змякчаючымі абставінамі ён назваў непаўналетняга сына і стан здароўя абвінавачанага.

15:56 Усіх зноў запусьцілі назад у залю суда.

15:49 Прадпрымальнік Алесь Таўстыка зьвярнуўся да старшыні суду Анатоля Савіча з просьбай, каб гледачоў зноўку пусьцілі ў залю паседжаньняў. Абвешчаны пяціхвілінны перапынак.

Выступ пракурора Кунаша быў перарваны літаральна на паўслове. Ён толькі пасьпеў сказаць, што віна Парсюкевіча поўнасьцю даказаная.

15:26 Судзьдзя пастанавіла усіх выдаліць з залі і весьці справу толькі з удзельнкамі працэсу. Гэта здарылася пасьля таго, як людзі пачалі абурацца са слоў Дулуба, які патрабаваў кампэнсацыі маральнага ўрону. Не дазволілі застацца нават жонцы Парсюкевіча і яго дзіцёнку. Такім чынам у залі паседжаньняў застаюцца судзьдзя, пракурор (малады хлопец векам 25-26 гадоў, адвакат, абвінавачаны і пацярпелы.

15:16 Пацярпелы Дулуб патрабуе ад Парсюкевіча 2 млн рублёў кампэнсацыі маральнай шкоды, паколькі 26 студзеня ён ня змог пайсьці ўвечары дзяўчыны, бо залечваў раны. Ён сказаў, што няёмка было езьдзіць у транспарце зь сінякамі на твары. "Людзі думалі, што я нейкі хуліган, а як патлумачыць, што гэта ня так?"

Дарэчы абсьедаваньне Парсюкевіч змог зрабіць толькі пасьля таго. як выйшаў з Акрэсьціна.

14:55 Дапыталі ўсіх сьведкаў, апошнім — Карэна Акопава, які сядзеў у суседняй камжры. Цяпер перайшлі да разгляду пісьмовых матэрыялаў справы. Акопаў таксама сказаў, што чуў як Парсюкевчі крычаў "Ратуйце, забіваюць".

14:29 Дапыталі сьведку Паўла Вінаградава, цяпер дапытваюць Аляксандра Важакова. Паводле Важакова, Дулуб быў вельмі разьюшаным, калі ўварваўся ў камэры. Паводле Вінаградава, ужо праз 5 хвілін пачуліся крыкі Парсюкевіча: "Ратуйце, забіваюць". Прычым, сьведкі сьцьвярджаюць, што Парсюкевіч крычаў па-расейску, а Дулуб сьцьвярджае, што крычаў па-беларуску.

13:00 Дапыталі сьведку Гарбачэўскага, які сядзеў разам з Парсюкевічам у камэры на Акрэсьціна. Адвакатка Вера Страмкоўская адзначыла, што пратакол аб допыце Гарбачэўскага і міліцыянта Якімчука, дапытанага ўчора, супадаюць слова ў слова.

Быў дапытаны яшчэ адзін кватарант той самай камэры Алесь Таўстыка. Той зьвярнуў увагу на тую акалічнасьць, што Дулуб сьцьвярджае, нібыта Парсюкевіч крычаў на беларускай мове «Людзі, ратуйце, забіваюць», хоць Парсюкевіч не карыстаецца беларускай мовай, і тады на Акрэсьціна таксама крычаў ратунку расейскай мовай.

З боку Парсюкевіча засталіся тры сьвевдкі: Важакоў, Вінаградаў, Акопаў, якія таксама сядзелі зь ім у адной камэры.

Прысутнічаць на паседжаньнесярод іншых прыехалі Аляксандар Мілінкевіч, Аляксандар Макаеў, Эніра Браніцкая, сакратар пасольства ЗША Луіс Крышак.

12:30 А палове на першую на ґанку будынку судубыў затрыманы Вячаслаў Сіўчык, які не пасьпеў да пачатку паседжаньня. Яго павезьлі на суд у Старыя Дарогі.

11:50 Суд пачаўся раней за прызначаны час на 10 хвілін. Таму багата хто з ахвотных ня змог патрапіць у залю суду.

Паседжаньне праходзіць у судзе Маскоўскага раёну сталіцы.

Сяргея Парсюкевіча абвінавачваюць ў гвалце супроць ахоўніка турмы Аляксандра Дулуба. Паводле міліцыянта, Парсюкевіч зьбіў яго, калі адбываў адміністрацыйны арышт пасьля мітынгу прадпрымальнікаў у студзені. Прадпрымальнік Сяргей Парсюкевіч заяўляе, што насамрэч гэта яго зьбілі, а справу ў міліцыі сфальшавалі, каб пазьбегнуць за гэта адказнасьці. Ад 4-га сакавіка Сяргей Парсюкевіч знаходзіцца пад вартай. Актывісту прадпрымальніцкага руху пагражае да 6 гадоў зьняволеньня.