Прысуд па «справе 14-ці» пакінулі бязь зьменаў

22/07/2008

Калегія Менскага гарадзкога суду пакінула бязь зьменаў прысуды актывістам, пакараным за мітынг прадпрымальнікаў 10 студзеня.

Гэта Андрэй Кім, Міхась Пашкевіч, Міхал Крываў, Уладзімер Сяргееў, Антон Койпіш, Тацяна Цішкевіч, Алесь Стральцоў, Аляксей Бондар, Арцём Дубскі і Аляксандар Чарнышоў.

Адвакаты даводзілі, што прысуд ім быў вынесены бяздоказны, што відэаздымкі, якія выкарыстала сьледзтва былі зробленыя у парушэньне закону, а таксама шэраг іншых доказаў. Але судовая калегія ў складзе старшыні Ўладзімера Назаранкі і судзьдзяў Сяргея Хрыпача і Валянціны Крывой пакінулі бязь зьменаў прысуд Цэнтральнага суду Менску, які быў вынесены ў красавіку 2008 года.

Нагадаем, што моладзевы актывіст Андрэй Кім асуджаны судом Цэнтральнага раёну Менску да 1, 5 год калоніі. Іншыя ўдзельнікі «Працэсу 14-ці» — Аляксей Бондар, Арцём Дубскі, Міхаіл Крываў, Міхаіл Пашкевіч, Алесь Стральцоў, Алесь Чарнышоў, Таццяна Цішкевіч — прысуджаныя да абмежаваньня волі на 2 гады. Антона Койпіша і Ўладзіміра Сяргеева аштрафавалі на 100 базавых велічыняў. Прысуд вынесла суддзя Алена Ільіна.