Ці магчымы міжнародны суд над беларускімі палітычнымі злачынцамі?

05/08/2008

З нагоды пачатку судовага працэса ў Міжнародным крымінальным трыбунале па справах былой Югаславіі ў Гаазе над былым лідэрам баснійскіх сербаў Радаванам Караджычам праваабаронца Валянцін Стэфановіч адзначыў, што магчымасць правядзення падобнага трыбуналу над беларускімі палітычнымі злачынцамі не высветленая. Ён перакананы, што найперш трэба ўскладаць надзеі на нацыянальную юрыдычную сістэму.

У апошні дзень ліпеня ў Гаазе пачаўся суд над Радаванам Караджычам, і ў той жа дзень Польшча судзіць генерала Войцеха Ярузэльскага, якога вінавацяць у расстрэле рабочых пратэстаў і ўвядзенні ваеннага становішча ў 1980-х. Цяперашняга беларускага лідэра і пабудаваную ім сістэму палітычныя праціўнікі вінавацяць ва ўзурпацыі ўлады, палітычным перавароце ў 1996 г., выкарыстанні судовай сістэмы і сілавых структур для арганізацыі масавых рэпрэсій, падазраюць у арганізацыі палітычна матываваных знікненняў людзей і пазасудовых пакараннях смерцю. Ці чакае міжнародны трыбунал беларускіх чыноўнікаў, якія дапусцілі палітычныя злачынствы? З такім пытаннем Еўрарадыё звярнулася да праваабаронцы, юрыста, звязанага з праваабарончай ініцыятывай “Вясна” Валянціна Стэфановіча.

Стэфановіч: Гаагскі трыбунал быў створаны канкрэтна па злачынствах ваенных у былой Югаславіі. Такі ж суд быў створаны для Руанды. Што датычыцца Беларусі, то ёсць прынцып міжнароднай юрысдыкцыі. Ён датычыцца асобных краінаў. Напрыклад, Бельгія мела права ўзбуджаць крымінальныя справы незалежна ад таго, дзе яны і кім яны здзейсненыя. Такі прынцып існуе і ў Нямеччыне, але там ёсць нейкія складаныя юрыдычныя працэдуры. Мы спрабавалі гэтае пытанне высветліць праз Міжнародную Хельсінкскую федэрацыю, але пакуль не атрымалася. Думаю, мы павінны казаць пра нацыянальную юрыдычную сістэму, якая потым павінна будзе, па-першае, разгледзець пытанні палітычна матываваных знікненняў і несудовых пакаранняў смерцю. Гэта трапляе пад артыкул, у якога, па міжнародным заканадаўстве, няма тэрміну даўніны. Прынамсі мы маем досвед Польшчы і ГДР. У Польшчы былі асуджаныя паліцыянты, якія расстралялі рабочы страйк у шахце.

Сп. Стэфановіч нагадаў, што нацыянальнымі судамі былі асуджаныя функцыянеры рэжыму Піначэта ў Чылі і перуанскага дыктатара Фухіморы. Ён нагадаў, што асаблівая ўвага беларускага трыбуналу будзе звернутая на міліцыянтаў і суддзяў, якія па сфальшаваных пратаколах масава садзяць пад арышт палітычных і грамадскіх актывістаў, а таксама на службовых асобаў, якія аддавалі загады фальшаваць вынікі выбараў.

У 2006 г. палітычная рада дэмакратычных сілаў Беларусі падтрымала ініцыятыву “Аб стварэнні грамадскага судовага трыбуналу ў справе расследавання злачынстваў рэжыму Аляксандра Лукашэнкі”. Ініцыятары заручыліся падтрымкай прэзідэнта Літвы Валдаса Адамкуса. Меркаваўся ўдзел міжнародных праваабарончых арганізацыяў «Amnestу International» і «Human Rights Watch». Паводле спадара Лябедзькі, літоўскія дэпутаты выказвалі прапанову перавесці дзейнасць суду ў рамкі Савета Еўропы. Анатоль Лябедзька не выключаў, што матэрыялаў суду можа хапіць для разгляду ў міжнародным трыбунале. Аднак потым ініцыятыва недзе загразла. Сёння сп. Лябедзька ў інтэрв’ю Еўрарадыё сказаў, што ідэя з міжнародным судом застаецца актуальнай. «Палітычны момант цяпер неспрыяльны: АБСЕ, ПАСЕ, іншыя міжнародныя структуры спадзяюцца на лібералізацыю рэжыму, на тое, што ў Беларусі нешта зменіцца з выбарамі. Хутка высветліцца, што гэта ілюзія, і ідэя грамадскага або міжнароднага трыбуналу зноў набудзе актуальнасць», — лічыць сп. Лябедзька. Цяперашняга кіраўніка Беларусі з групай асобаў вінавацяць у арганізацыі дзяржаўнага перавароту ў мэтах захопу ўлады ў 1996 г. і арганізацыі палітычных знікненняў і забойстваў. «А на такія справы тэрміну даўнасці няма», — зазначаюць юрысты.