8 верасня нашы калегі ва ўсім свеце адзначаюць Дзень міжнароднай салідарнасці журналістаў. Гэтую дату заснавала ў 1958 годзе Міжнародная арганізацыя журналістаў у памяць аб сваім чэшскім калегу Юліусе Фучыку, закатаваным гітлераўцамі 8 верасня 1943 года. Кожны год журналісцкая супольнасць усяго свету ўзгадвае яго неўміручыя словы перасцярогі: «Людзі, будзьце пільныя!».
У Беларусі ў гэты дзень традыцыйна ўзгадваюць імя Дзмітрыя Завадскага, трагічны лёс якога таксама заклікае нас да пільнасці і салідарнасці. Традыцыйна ГА «БАЖ» прымяркоўвае да гэтай даты ўручэнне дыпломаў імя Завадскага «За мужнасць і прафесіяналізм». Сёлета напярэдадні 8 верасня праўленне арганізацыі вызначыла сёлетніх лаўрэатаў: імі сталі фотакарэспандэнт «Нашай Нівы» Андрэй Лянкевіч, радыёжурналіст Генадзь Кеснер і фатограф Юрый Дзядзінкін.
Плануецца, што ўручэнне дыпломаў адбудзецца ў канцы верасня. А пакуль прэс-служба БАЖ запытала ў лаўрэатаў, што на іх думку, з’яўляецца праявай журналісцкай салідарнасці.
Андрэй Лянкевіч: «Салідарнасць найбольш яскрава праяўляецца ў экстрэмальных сітуацыях — кшталту такой, у якую я патрапіў у сакавіку г.г. (А. Лянкевіч быў збіты міліцыяй падчас вулічнай акцыі ў Мінску 25 сакавіка. У выніку журналісту ўдалося давесці суду, што ён выконваў на акцыі свае прафесійныя абавязкі — заўв. рэд.). Я быў літаральна агаломшаны рэакцыяй беларускіх і замежных журналістаў на гэтыя падзеі. Калі бачыш, як твае калегі запаўняюць усю прастору ў зале суда, дзе слухаецца твая справа; калі атрымліваеш сотні тэлефанаванняў і электронных лістоў з пытаннямі, чым можна дапамагчы; калі ведаеш, што ў беларускае МЗС прыходзяць дзесяткі лістоў ад міжнародных арганізацый; калі бачыш, колькі матэрыялаў робяць на гэтую тэму беларускія СМІ, ведаючы, чым гэта можа для іх скончыцца, — гэта ў маім разуменні і ёсць прафесійная салідарнасць — максімальная, якую толькі можна атрымаць…»
Генадзь Кеснер: «У агульнанацыянальным маштабе журналісцкая саліданасць у Беларусі не вельмі адчувальная. Нас штучна падзялілі на «чэсных» і «нячэсных», і спачувальнага стаўлення да калег, якія знаходзяцца “па іншы бок барыкад», асабліва з боку дзяржаўных СМІ, не назіраецца. Але што тычыцца незалежных журналістаў — тут сітуацыя выглядае інакш. Мы ўсё ж падтрымліваем адзін аднаго – і ў паўсядзённай працы, і калі ўзнікаюць пэўныя праблемы — напрыклад, калі нехта з журналістаў трапляе ў суд. Так што можна сказаць, што незалежныя журналісты сапраўды «адчуваюць плячо» сваіх калег».
Юрый Дзядзінкін: «Безумоўна, журналістам у Беларусі жывецца зараз нялёгка. Але адчуванне прыналежнасці да прафесійнай супольнасці, да кола блізкіх табе па духу людзей, падтрымлівае і стымулюе ў працы… Я асабіста ведаў Дзмітрыя Завадскага. Гэта быў прафесійны і мужны чалавек, і я лічу за вялікі гонар атрымаць дыплом, які носіць яго імя».
Прэмія Дзмітрыя Завадскага ўручаецца з 2002 года. У папярэднія гады яе лаўрэатамі былі тэлеаператары Сяргей Гельбах, Сяргей Пушкін, Канстанцін Марозаў, Уладзімір Андронаў, Уладзімір Бабарыка, Уладзімір Косцін, фотакарэспандэнты Сяргей Грыц, Васіль Фядосенка і Юлія Дарашкевіч, журналісты Андрэй Дынько, Ірына Халіп, Любоў Лунёва, Леанід Міндлін, Марына Коктыш, Алена Слаў, Алесь Ліпай, Анжэй Пісальнік, Сяргей Сацук, Алег Улевіч, Генадзь Барбарыч, Анатоль Гатоўчыц, Наталля Макушына.
Прэс-служба ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў»
На фото (зверху ўнiз): Андрэй Лянкевіч, Генадзь Кеснер, Юрый Дзядзінкін