Зьмітра Паўлічэнку зьнялі з паста камандзіра брыгады спэцназу Ўнутраных войскаў і перавялі ў запас.
Ці ёсьць гэта пачаткам канца службовай кар’еры міліцыянта, які выконваў асабістыя даручэньні кіраўніцтва краіны?
Прэсавая служба Ўнутраных войскаў МУС пацьвердзіла зьвесткі пра тое, што Зьміцер Паўлічэнка днямі быў зьняты з пасады камандзіра 3-й асобнай Чырвонасьцяжнай брыгады спэцыяльнага прызначэньня і накіраваны ў распараджэньне камандуючага ўнутранымі войскамі. Месца Паўлічэнкі ўжо заняў Юры Караеў, які камандаваў менскім палком АМАПу. Прычын адстаўкі Зьмітра Паўлічэнкі ў прэсавай службе не камэнтуюць.
Зьміцер Паўлічэнка ўваходзіць у сьпіс асобаў, якіх на Захадзе падазраюць у датычнасьці да зьнікненьня апазыцыянэраў Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага і журналіста Зьмітра Завадзкага ў 1999—2000 гадах. Спачатку палкоўнік міліцыі Алег Алкаеў, а потым генэрал міліцыі Мікалай Лапацік адзначалі ў сваіх рапартах факты, зь якіх вынікала, што Зьміцер Паўлічэнка нібыта кіраваў таемнымі апэрацыямі — захопам і зьнішчэньнем апазыцыянэраў. Жонка зьніклага Віктара Ганчара Зінаіда схільная думаць, што ўсё так і было:
“Ведаеце, паводле надрукаваных дакумэнтаў, гэты чалавек датычны і да зьнікненьняў, і да далейшага лёсу зьніклых. Ведаю, як сябе паводзіў гэты чалавек падчас мітынгаў, пра гэта распавядалі тыя, каго ён асабіста зьбіваў. Такім чынам, я магу паверыць, што гэта ён рабіў, але асабіста зь ім я не знаёма”.
Камандзірам брыгады спэцназу Зьміцер Паўлічэнка быў прызначаны на пачатку 2000-х гадоў пасьля камандаваньня спэцатрадам. Шмат хто ў Беларусі называе якраз гэты спэцатрад “эскадронам сьмерці”. Ужо стаўшы палкоўнікам і атрымаўшы шэраг узнагарод, у тым ліку ордэн ад Рускай праваслаўнай царквы, Паўлічэнка працягваў асабіста кіраваць апэрацыямі супроць апазыцыі. У 2006 годзе ён кіраваў разгонам дэманстрантаў, якія пратэставалі супроць фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў. Тады да мітынгоўцаў ужылі зброю, а былога кандыдата на прэзыдэнта Аляксандра Казуліна арыштавалі. Палітык згадвае асабістую ролю ў гэтым Зьмітра Паўлічэнкі:
Аляксандар Казулін: “Я падышоў да міліцыянтаў, якія стаялі ў шэрагах, каб дамовіцца, што людзі хутка разыйдуцца і каб іх не чапалі. А калі павярнуўся, Паўлічэнка двойчы ўдарыў мяне нагамі ў сьпіну, дзе копчык. Я паваліўся, а потым у мяне аднялася нага, доўга ня мог ёй варушыць”.
Чаму Аляксандар Казулін не зьбіраецца падаваць у суд за гэта на Зьмітра Паўлічэнку? Аляксандар Казулін нагадаў зьвесткі пра тое, што ў канцы 2000 году Зьмітра Паўлічэнку затрымаў КДБ. Гэта было зроблена паводле пастановы старшыні КДБ Уладзімера Мацкевіча, аднак Паўлічэнка неўзабаве апынуўся на волі, а Мацкевіч — у адстаўцы:
“Ну, які суд у нас можа быць? Скажыце, чаму Паўлічэнку арыштавалі, але нейкім незразумелым спосабам ён выйшаў на волю, хаця пастановы пра гэта не было? Вось з гэтага трэба зыходзіць”.
Аляксандар Казулін мяркуе, што цяперашнюю адстаўку Зьмітра Паўлічэнкі “пакуль ня варта перабольшваць”. Палітык не выключае, што Паўлічэнку зьнялі, толькі каб паслаць пэўныя сыгналы Захаду, “нібыта ў Беларусі адбываюцца станоўчыя зьмены”. “Такія людзі, як Шэйман ды Паўлічэнка, нікуды не зьнікаюць. Варта дачакацца таго, як яны зьявяцца на новых пасадах”, — мяркуе Аляксандар Казулін.
Журналісты тым часам паміж сабой абмяркоўваюць яшчэ адну вэрсію зьняцьця Зьмітра Паўлічэнкі — нібыта ён праходзіць па крымінальнай справе і зь яго ўзялі падпіску пра нявыезд. Паводле названай вэрсіі, справу завялі ў КДБ. Гэтыя зьвесткі ў КДБ не камэнтуюць.
З самім Зьмітром Паўлічэнкам пагаварыць не ўдаецца, бо ад кантактаў з журналістамі ён адмаўляецца. Як вядома, некалькі гадоў таму Зьміцер Паўлічэнка сьцьвярджаў, што ён “чысты перад законам”
Алег Грузьдзіловіч
Радыё Свабода