Акцыю з патрабаваннем вызваліць Мікалая Аўтуховіча, Юрыя Лявонава і Уладзіміра Асіпенку, арыштаваных некалькі дзён таму, прайшла 12 лютага ля будынку КДБ у Мінску, паведамляе сайт jeans-by.com.
Трое актывістаў кампаніі «Еўрапейская Беларусь» прынеслі да ўваходу каробку з «рэчавымі доказамі» злачынства, у якім абвінавачваюць прадпрымальнікаў, — каністрамі з-пад бензіну, запалкамі і запальнічкамі. Пасля яны разгарнулі расцяжку «Свабоду палітвязням!», а астатнія ўдзельнікі акцыі пачалі раздаваць улёткі з інфармацыяй пра арышт Мікалая Аўтуховіча, Юрыя Лявонава і Уладзіміра Асіпенкі па абодвух баках праспекта Незалежнасці.
Нагадаем, што 8 лютага ў Ваўкавыску супрацоўнікі галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю МУС з дапамогай байцоў спецпадраздзялення па барацьбе з тэрарызмам «Алмаз» арыштавалі лідэраў прадпрымальнікаў Мікалая Аўтуховіча, Юрыя Лявонава і Уладзіміра Асіпенку. Пасля таго, як у іх кватэрах прайшлі ператрусы, прадпрымальнікаў адвезлі ў Менск і даставілі ў турму на Акрэсціна. Іх абвінавачваюць у здзяйсненні падпалу хаты міліцыянта, які адбыўся 5 гадоў таму.
Мікалай Аўтуховіч і Юры Лявонаў — былыя палітвязні, прысуджаныя да пазбаўлення волі па надуманым абвінавачванні за абарону правоўпрадпрымальнікаў. У пачатку 2008 года мера пакарання ім была змененая на абмежаванне волі.