Актывісту «Маладога Фронту», былому ўдзельніку «Працэсу 14-ці» Арцёму Дубскаму прад’яўленае абвінавачванне. Апазіцыянеру пагражае ад 6 месяцаў да 3 гадоў пазбаўлення волі.
Як паведаміла прэс-цэнтру Хартыі’97 адвакатка маладафронтаўца Тамара Сідарэнка, 6 сакавіка Арцёму Дубскаму было прад’яўлена абвінавачванне па арт. 415 Крымінальнага кодэкса РБ (Ухіленне ад адбыцця пакарання ў форме абмежавання волі) і абраная мера стрымання — знаходжанне пад вартай. Па словах адваката, ёй паведамілі, што расследаванне справы Дубскага будзе праведзена на працягу месяца, пасля чаго пачнецца судовы працэс.
На дадзены момант Арцём Дубскі знаходзіцца ў Асіповіцкім ізалятары часавага ўтрымання і на днях будзе пераведзены ў следчы ізалятар №5 гарада Бабруйска.
Сяброўка камітэта абароны рэпрэсаваных «Салідарнасць» Анастасія Лойка ў інтэрв’ю прэс-цэнтру Хартыі’97 распавяла, што ў Асіповіцкім ІЧУ ў Арцёма Дубскага ўзніклі праблемы са здароўем.
«У турме дрэнныя санітарныя ўмовы, — распавяла Анастасія Лойка. — У камеры сядзіць 21 чалавек. Арцём казаў, што ў мінулы чацвер у паловы з іх была высокая тэмпература. З-за дрэнных умоваў утрымання на мінулым тыдні Дубскі таксама захварэў. Бацькі перадавалі яму лекі. Нават падчас першага суду было заўважна, што ён хворы».
Таксама, па словах Анастасіі Лойкі, у апошнія дні ў бацькоў арыштаванага моладзевага актывіста не атрымліўваецца перадаць яму прадукты. «5 і 6 сакавіка перадачы не ўзялі. Паведамілі, што не маюць права, бо Арцёму вось-вось павінны прад’явіць абвінавачванне. Пры гэтым спаслаліся на арт. 108 КПК», — паведаміла Лойка.
Як заяўляе Анастасія Лойка, пасля арышту Арцёма Дубскага адкрыліся новыя падрабязнасці вынесеных яму раней папярэджанняў ва ўхіленні ад адбыцця пакарання ў форме абмежавання волі, з-за якіх удзельнік «Працэсу 14-ці» быў вымушаны з’ехаць ва Украіну.
«Трэба разумець, чаму Дубскі з’ехаў ва Украіну, — кажа Анастасія Лойка. — У Беларусі яму было вынесена 3 папярэджанні. Два з іх былі сфальсіфікаваныя. У той час Арцём Дубскі жыў на здымнай кватэры. Здараліся такія сітуацыі, калі ён быў дома, да яго прыходзіў на праверку ўчастковы, а потым у той жа дзень Дубскаму тэлефанавалі, і казалі, што дома яго не было. Патрабавалі прыйсці ў РУУС і пісаць тлумачэнне. Пасля 3 вынесеных папярэджанняў Дубскі быў вымушаны з’ехаць ва Украіну. Калі яго зноў арыштавалі 13 лютага ў Гомелі, яму паказалі справу. І там засталося толькі адно папярэджанне — 2 зніклі. «Наглядчыкі» змяніліся. Ранейшыя — забралі са справы два беспадстаўныя папярэджанні».
Нагадаем, 13 лютага ў Гомелі з цягніка, які ехаў з Украіны, быў зняты ўдзельнік «Працэсу 14-ці» Арцём Дубскі.
3 сакавіка ў Асіповічах над ім прайшоў суд па арт. 216 ч.1 КК РБ — «нанясенне маёмаснай шкоды без прыкметаў крадзяжу». Арцёма Дубскага абвінавачвалі ў тым, што ён нібыта скарыстаўся чужой сім-карткай, каб атрымаць доступ у Інтэрнэт. За гэтую паслугу ён быццам бы павінен мабільнаму аператару «Velcom» тры мільёны рублёў.
У судзе апазіцыянер быў вызвалены, бо адбылося так званае «прымірэнне бакоў»: «пацярпелым» была выплачаная шкода. Аднак адразу пасля вынясення прысуду аб вызваленні з-пад варты, Дубскага арыштавалі супрацоўнікі міліцыі і адвезлі ў Асіповіцкі РАУС па арт. 415 Крымінальнага кодэкса РБ (Ухіленне ад адбыцця пакарання ў форме абмежавання волі).
Адзначым, што «Справа 14-ці» — справа па арт. 342 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, узбуджаная ў дачыненні да ўдзельнікаў мірнай акцыі пратэсту прадпрымальнікаў, якая прайшла ў Менску 10 студзеня 2008 года.
За ўдзел у гэтай акцыі моладзевы актывіст Андрэй Кім быў прысуджаны судом Цэнтральнага раёна Менска да 1,5 гадоў калоніі (вызвалены ў жніўні 2008 года). Актывіст грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Аляксандр Баразенка быў прысуджаны да абмежавання волі тэрмінам на 1 год без накіравання ў выпраўленчую ўстанову, з 27 кастрычніка да 9 снежня 2008 года да суду ён утрымліваўся ў СІЗА. Астатнія ўдзельнікі «Працэсу 14-ці» — Арцём Дубскі, Аляксей Бондар, Міхаіл Крываў, Міхаіл Пашкевіч, Аляксандр Стральцоў, Аляксандр Чарнышоў, Таццяна Цішкевіч, Міхаіл Субач і Павал Вінаградаў прысуджаныя да абмежавання волі на 2 гады без накіравання для адбыцця пакарання ў спецыяльныя ўстановы. Максім Дашук, як непаўнагадовы, прысуджаны да паўтарох гадоў абмежавання волі.
Хартыя’97