12 сакавіка 18:00, плошча Каліноўскага: Не — палітычнаму тэрору!

09/03/2009

Лідэры рухаў «Малады Фронт» и «Джынс за Свабоду» звярнуліся да белрускага грамадства с заклікам выйсці 12 сакавіка на плошчу Каліноўскага, каб выказаць нязгоду з палітычным тэрорам у краіне.

13 кастрычніка мінулага году Рада Еўрапейскага Саюзу прыпыніла візавыя санкцыі супраць беларускіх уладаў і прыняла рашэнне аб аднаўленні палітычных кантактаў з афіцыйным Мінскам. Былі вызначаныя ўмовы, пры выкананні якіх магчымае супрацоўніцтва паміж ЕС і Беларуссю. Гэта, упершую чаргу, адсутнасць палітвязняў, дэмакратызацыя выбарчага заканадаўства, свабода слова і свабода сходаў.

Мінула пяць месяцаў з моманту прыняцця гэтага рашэння і мы бачым, што сітуацыя не мяняецца. Ніводнае з патрабаванняў ЕС не выкананае.

Рэпрэсіі супраць апазіцыі не спыніліся, а, наадварот, толькі узмацніліся. Улады жорстка разганяюць мірныя вулічныя акцыі, збіваюць, арыштоўваюць і караюць вялізнымі штрафамі за ўдзел у іх.

У Беларусі па ранейшаму застаюцца палітычныя вязні. Гэта Мікалай Аўтуховіч, Юры Лявонаў, Ігар Асіпенка, Арцём Дубскі. Пад пагрозай зняволення знаходзяцца таксама маладыя людзі, якія адбываюць пакаранне за ўдзел у акцыі прадпрымальнікаў у мінулым годзе, — Максім Дашук, Алесь Чарнышоў, Таццяна Цішкевіч, Аляксандр Баразенка, Павел Вінаградаў, Міхаіл Субач, Аляксей Бондар, Міхаіл Крываў, Міхаіл Пашкевіч, Алесь Стральцоў.

Апазіцыя ня мае доступу да дзяржаўных СМІ, а большасць незалежных газет да гэтага часу ня маюць магчымасці друкавацца і распаўсюджвацца на тэрыторыі Беларусі.

12 сакавіка ў Мінск прыязджае камісар па знешніх сувязях і палітыцы суседства ЕС Беніта Ферэра-Вальднер. Мэта гэтага візіту — пераканацца ў тым, што ў Беларусі адбываюцца перамены.

Але сітуацыя не зменіцца ад кулуарных перамоваў з дыктатарам. Сапраўдныя перамены ў Беларусі залежаць у першую чаргу ад нас, ад грамадзян Беларусі, ад нашай салідарнасці.

Мы заклікаем у гэты дзень, 12 сакавіка, а 18 гадзіне выйсці на плошчу Каліноўскага (Кастрычніцкую) з партрэтамі палітвязняў, каб яшчэ раз запатрабаваць ад беларускіх уладаў спынення палітычных рэпрэсіяў, сапраўднай лібералізацыі і выканання ўмоваў Еўрапейскага Саюзу. Мы заклікаем усе дэмакратычныя арганізацыі далучыцца да гэтай акцыі. Толькі разам мы можам дамагчыся выканання нашых патрабаванняў!

На акцыю мы таксама запрашаем спадарыню Беніту Ферэра-Вальднер, каб асабіста пераканацца ў тых “дэмакратычнх пераўтварэннях”, якія быццам бы маюць месца ў Беларусі.

12 САКАВІКА, 18.00, МІНСК, ПЛОШЧА КАЛІНОЎСКАГА (КАСТРЫЧНІЦКАЯ).