Зніклага 10 гадоў таму Віктара Ганчара выклікаюць у якасці сведкi

21/04/2009

Віцэ-спікеру Вярхоўнага Савета 13 склікання трэба з’явіцца ў Савецкі РУУС Менска.

«19 красавіка, на Вялікдзень, мы з дзецьмі выязджалі на прыроду. Прыехалі, я паглядзела ў паштовую скрыню — позва. Чытаю: позва выпісаная на імя Ганчара Віктара Іосіфавіча, якому належыць з’явіцца 20 красавіка з 9 да 18 гадзінаў у Савецкі РУУС Менска ў якасці сведкі. Выклікае следчы Спірыдовіч Глеб Генадзевіч (тэлефон 331-04-27, па якім трэба патэлефанаваць у выпадку, калі прыйсці ў РУУС не атрымаецца). Думаю, гэта па справе аб выбуху 4 ліпеня 2008 года. Але гэта ж проста здзек! Гэтае поўнае няведанне таго, што адбываецца ў краіне. Дзе гэтыя людзі жывуць, каго набіраюць на службу ў міліцыю?», — паведаміла ў інтэрв’ю «Беларускаму партызану» жонка палітыка Зінаіда Ганчар.

Зніклага 10 гадоў таму палітыка не ў першы раз выклікаюць у розныя інстанцыі.

«Колькі ўжо трываць гэта: чалавек знік 10 гадоў таму, а на кожныя выбары нясуць запрашэнні галасаваць, цяпер вось — позвы ў міліцыю. Думаю, буду падаваць у суд — колькі ўжо можна трываць відавочны здзек?», — кажа Зінаіда Ганчар.

Нагадаем, што ў 1999-2000 гадах у Беларусі зніклі першы віцэ-спікер Вярхоўнага Савета Беларусі 13 склікання, старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Віктар Ганчар, бізнэсмэн і грамадскі дзеяч Анатоль Красоўскі, экс-кіраўнік МУС, які пасля стаў апазіцыйным палітыкам, Юры Захаранка, аператар ГРТ Зміцер Завадскі. Пра лёс гэтых людзей нічога не вядома.

Пра неабходнасць высветліць лёс зніклых беларускіх апазіцыянераў увесь час заяўляе міжнародная супольнасць. Патрабаванне адкрыць праўду пра іх знікненне ўтрымліваецца ў рэзалюцыях Камісіі ААН па правах чалавека, Парламенцкіх асамблей Рады Еўропы і АБСЕ.

Шэрагу высокапастаўленых беларускіх чыноўнікаў, у прыватнасці экс-міністру ўнутраных справаў Уладзіміру Навумаву, былому сакратару Савета бяспекі Віктару Шэйману, былому кіраўніку МУС Юрыю Сівакову і экс-камандзіру спецназа ўнутраных войскаў Дзмітрыю Паўлічэнку забаронены ўезд у краіны Еўразвяза і ЗША з-за падазрэнняў у іх датычнасці да выкраданняў апазіцыянераў.