09/03/2010

У 2009 годзе палітычных актывістаў радзей каралі арыштамі, затое часьцей зьбівалі і затрымлівалі. Праваабаронцы «Вясны» выдалі «Агляд-хроніку парушэньня правоў чалавека ў Беларусі».

Аўтары агляду сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі ў 2009 годзе нагадалі, што эўрапейскія структуры ўключылі Беларусь у праграму «Ўсходняе партнэрства», чакаючы прагрэсу ў пяці напрамках: адсутнасьць палітвязьняў, свабода мэдый, рэформа выбарчага заканадаўства, паляпшэньне ўмоваў для няўрадавых арганізацый ды свабода сходаў і палітычных асацыяцый. Ці спраўдзіліся гэтыя чаканьні? Паводле праваабаронцаў зь «Вясны», зьмены, якія прапагандавала беларуская ўлада ў галіне правоў чалавека, альбо засталіся на паперы, альбо мелі «касмэтычны характар». Гэтак мяркуе праваабаронца Алесь Бяляцкі:

«У адказ на меншую актыўнасьць грамадзтва было і меней рэпрэсій, але ўсе рэпрэсійныя прылады дзейнічалі. Мы можам нават канстатаваць, што адбылася пэўная зьмена гэтых рэпрэсійных інструмэнтаў. Сапраўды, было меней людзей, якіх перасьледавалі крымінальным чынам, якія сядзелі „на сутках“, але ў той жа час у нас павялічылася колькасьць людзей, якія былі зьбітыя, аднавілася практыка прызыву ў войска актывістаў грамадзянскай супольнасьці, яна фактычна актывізавалася. У нас зьявіліся такія рэчы, як прэвэнтыўнае затрыманьне з вывазам людзей за горад напярэдадні нейкіх акцый, чаго раней не было. Ані нам, ані ім не ўдалося праз звароты ў пракуратуры дамагчыся праўды. А ў канцы году ў сувязі з набліжэньнем прэзыдэнцкіх выбараў маштабы рэпрэсій сталі павялічвацца».

У аглядзе-хроніцы «Вясны» названыя самыя выключныя выпадкі парушэньня правоў чалавека за 2009 год. Гэта цкаваньне праваабаронцы з Салігорску Яны Паляковай, якое прывяло да самагубства маладой жанчыны, асуджэньне на год зьняволеньня маладафронтаўца Арцёма Дубскага і асуджэньне непаўналетняга Максіма Дашука да абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову, гэта ціск у войску на Франка Вячорку, Зьмітра Хведарука ды іншых актывістаў і ўвогуле захаваньне «палітычнага рэкруцтва», перасьлед вернікаў царквы «Новае жыцьцё», незаконнае высяленьне жыхароў Менску з прыватных дамоў у сувязі з будаўніцтвам мэтро ды іншыя факты. Паводле праваабаронцаў «Вясны», цягам году нават пашырыліся рэпрэсіі супроць незалежных мэдыяў. У прыватнасьці, іх супрацоўнікам міліцыянты мэтанакіравана перашкаджалі працаваць падчас масавых акцый.

Як станоўчы момант праваабаронцы адзначылі намер уладаў прыняць закон аб альтэрнатыўнай службе. Дагэтуль адсутнасьць такога закону давала магчымасьць перасьледаваць людзей, якія не жадалі служыць з прычыны сваіх рэлігійных перакананьняў. Кажа Валянцін Стэфановіч:

«І зараз яшчэ ёсьць дзьве такія крымінальныя справы. „Вясна“ брала актыўны ўдзел у справе Міхайлава, і вось сёньня прыйшла навіна, што яго вызвалілі пад падпіску пра нявыезд. Гэта Менскі абласны суд адмяніў рашэньне Менскага раённага суду адносна Міхайлава. Справа накіраваная на новы разгляд. Мы спадзяемся, што пасьля загаду Аляксандра Лукашэнкі распрацаваць закон аб альтэрнатыўнай службе гэтае пытаньне ня будзе стаяць на месцы. Увогуле мы лічым, што яшчэ ёсьць спрыяльны час, калі трэба дамагацца ад уладаў прымаць адпаведныя зьмены ў законы. І такім чынам пашыраць межы свабоды. Гэта рабіць вельмі цяжка, асабліва ўлічваючы тое, што гэты год — ужо год прэзыдэнцкай кампаніі. Таму мы чакаем усплёску рэпрэсій, як гэта ў нас звычайна бывае».

Паводле праваабаронцаў «Вясны», зьбіраць факты аб парушэньні правоў чалавека ў Беларусі ім дапамагаюць матэрыялы незалежных мэдыяў. Найменш празрыстымі ў Беларусі ў гэтым сэнсе застаюцца дзейнасьць КДБ, сытуацыя ў турмах і ў войску, зазначыў Алесь Бяляцкі.