Дайте голос людям Беларуси!

27/03/2010

Дзень Волі ў Менску прайшоў без затрыманняў (Фота, відэа) важная навіна 25

22:25, — Палітыка
Дзень Волі ў Менску прайшоў без затрыманняў (Фота, відэа)

Дзесяткі супрацоўнікаў міліцыі і АМАПа былі выстаўленыя 25 сакавіка супраць мірнай дэманстрацыі ў Дзень Волі ў Менску.

Дзень Волі адзначаецца ў Беларусі штогод 25 сакавіка. Гэтае свята прысвечанае ўтварэнню Беларускай Народнай Рэспублікі, якая паклала пачатак утварэнню незалежнай Беларусі.

Сёлета, у 92-ю гадавіну ўтварэння БНР, арганізатары акцыі – Партыя БНФ – падавалі заяўку з просьбай дазволіць правядзенне акцыі ад будынка Нацыянальнай акадэміі навук да сквера Янкі Купалы, дзе павінен быў адбыцца мітынг. Але менскія ўлады забаранілі гэты маршрут, традыцыйна накіраваўшы шэсце не ў цэнтр сталіцы, а ў «спальны раён» — на плошчу Бангалор. Арганізатары акцыі заявілі, што ісці ў «балота» не будуць і месца правядзення акцыі абяруць самі ўдзельнікі.

Напярэдадні акцыі ў Менску і іншых гарадах Беларусі сталі праходзіць прэвентыўныя арышты прадстаўнікоў апазіцыі. У дзень святочнай акцыі ў беларускай сталіцы былі затрыманыя актывісты «Маладой Беларусі» Цімафей Дранчук і Антон Рузаў. Іх затрымалі ў той час, калі яны фатаграфавалі апазіцыянераў, якія вывешвалі бел-чырвона-белыя сцягі ў Менску. У рэгіёнах супрацоўнікі міліцыі і ДАІ затрымлівалі дэмакратычных актывістаў, якія збіраліся патрапіць на акцыю ў Менск. Па такім сцэнары прайшлі прэвентыўныя затрыманні прадстаўнікоў апазіцыі ў Лідзе і Бабруйску.

Нягледзячы на спробы міліцыі перашкодзіць правядзенню акцыі, яна ўсёткі адбылася, як і было запланавана, у 18:00 на пляцоўцы ля Акадэміі навук. Адсвяткаваць 92-годдзе ўтварэння Беларускай Народнай Рэспублікі прыйшло каля паўтарох тысячаў чалавек.

У акцыі прынялі ўдзел лідэр грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў, лідэры Партыі БНФ Аляксей Янукевіч і Віктар Івашкевіч, кіраўнік Сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) Мікалай Статкевіч, вядомая беларуская журналістка Ірына Халіп, актывісты грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Яўген Афнагель, Павал Юхневіч, Максім Вінярскі, сустаршыня аргкамітэта партыі БХД Павал Севярынец, мастак Алесь Марачкін і іншыя вядомыя ў Беларусі людзі.

У паветры луналі сотні бел-чырвона-белых сцягоў, сцягоў Еўразвяза і грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь». Маладыя людзі трымалі расцяжкі, шмат хто прыйшоў на акцыю са сваімі дзецьмі. Сярод тых, хто сабраўся, гучалі лозунгі «Жыве Беларусь!» і «Незалежнасць!».

На адкрыцці мітынгу старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч звярнуўся да ўдзельнікаў акцыі з просьбай ушанаваць хвілінай маўчання памяць пісьменніка Кастуся Тарасава, пахаванне якога прайшлі 25 сакавіка. Палітык адзначыў, што ў Беларусі назапасілася шмат праблемаў, з якімі ўлады папросту не спраўляюцца, і заклікаў дэманстрантаў да салідарнасці.

Старшыня аргкамітэта па стварэнні руху салідарнасці «Разам» Вячаслаў Сіўчык выступіў з патрабаваннем вызваліць палітвязняў Мікалая Аўтуховіча і Уладзіміра Асіпенку, справа якіх з 10 лютага 2010 года разглядаецца ў Вярхоўным судзе. Сіўчык адзначыў, што прысутнічае на кожным судовым паседжанні і гэтая справа нагадвае яму судзілішча 1930-х гадоў. «Калі б трэба было даказаць, што Аўтуховіч і Асіпенка з’яўляюцца японскімі шпіёнамі, улады б гэта зрабілі», — заявіў Вячаслаў Сіўчык.

Пасля заканчэння выступу беларускіх палітыкаў шмат хто з удзельнікаў акцыі выстраіўся ўздоўж праезжай часткі. Аднак неўзабаве каля 600 дэманстрантаў накіраваліся ў бок плошчы Якуба Коласа. Маладыя людзі скандавалі «Незалежнасць!», «Жыве Беларусь!», «Верам! Можам! Пераможам!». У калоне ішлі актывісты грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», «Маладога Фронту», «Маладой Беларусі» і БХД.

Праз 200 метраў, каля 1-га гарадскога шпіталя ўдзельнікаў акцыі сустрэў ланцуг супрацоўнікаў АМАПа. Скандуючы «Жыве Беларусь!», частка дэманстрантаў прарвалася скрозь «перашкоду» і накіравалася далей. Аднак на скрыжаванні з вуліцай Пятра Броўкі дэманстрантаў сустрэў кардон амапаўцаў у экіпіроўцы. Міліцэйскае начальства папярэдзіла ўдзельнікаў акцыі пра «наступствы». Неўзабаве пасля гэтага з вуліцы Броўкі да праспекта Незалежнасці стала збягацца вялікая колькасць амапаўцаў, якія знаходзіліся ў сямі аўтазаках, што стаялі непадалёк. Удзельнікаў мірнай акцыі сталі «захопліваць» у кальцо.

Пазбягаючы правакацыяў з боку АМАПа, дэманстранты абвесцілі пра заканчэнне акцыі і сталі павольна разыходзіцца. Нягледзячы на гэта прадстаўнікі АМАПа заставаліся стаяць на месцы, дэманструючы страх рэжыму Лукашэнкі перад грамадзянскай супольнасцю і любым праяўленнем свабоды.