Беларусы ўзгадалі пра Чарнобыль у Нью-Ёрку

29/04/2010

25 красавіка ў Нью-Ёрку насупраць штаб-кватэры ААН адбыўся жалобны мітынг да гадавіны Чарнобыльскай аварыі.

Каля паўсотні беларусаў, пераважная большасьць з якіх — моладзь, пад нацыянальнымі бел-чырвона-белымі сьцягамі ўзгадалі разам абставіны таго чорнага дня ў гісторыі нашай краіны і нашага беларускага народу, нагадаўшы гэтым, што наступствы аварыі для ўсіх нас яшчэ далёка не пераадолены.

БЕЛАРУСКІ ЧАРНОБЫЛЬ СЁНЬНЯ

Спецыялісты ацанілі шкоду, нанесеную асяродзьдзю і чалавеку чарнобыльскай катастрофай, у больш чым 230 мільярдаў даляраў. Аднак праблемы, узьнікшыя з-за Чарнобылю, кіраўніцтва Беларусі нібыта наўмысна вырашае не заўважаць, абракаючы беларусаў на фізычнае вынішчэньне.

Тая аварыя адыграла істотную ролю ў жыцьці кожнага з нас. Для тых, хто зараз знаходзіцца ў Беларусі, хто нарадзіўся і жыў на тэрыторыі краіны пасьля таго чорнага для нашай нацыі дня 26-га красавіка, нанесены непамерны ўрон здароўю. Зараз, бадай, няма ніводнага беларуса, чые родныя ці знаёмыя ня мелі б хвароб, прычынай якіх зьяўляецца аварыя на ЧАЭС.

Хваробы сэрца, анкалагічныя захворваньні папросту захлынулі Беларусь пасьля 1986-га году. Колькасьць хворых людзей павялічваецца з кожным годам.

І, нагледзячы на ўсё гэта, цяперашнія ўлады краіны па сутнасьці адмяжоўваюцца ад абмеркаваньня праблем Чарнобылю і іх вырашэньня.

Набірае ўсё большыя абароты засяленьне моладзю, скончыўшай ВНУ краіны, забруджаных тэрыторыяў. Улады пачалі скасоўваць льготы ліквідатарам чарнобыльскай катастрофы. Усё больш асвойваюцца пад сельскагаспадарчыя патрэбы землі, якія пацярпелі ад найбуйнейшай тэхнагеннай катастрофы ў гісторыі чалавецтва. Беларусаў з кожным годам на зямлі становіцца ўсё меней: нацыя вымірае. Людзі, якія ўздымаюць перад грамадзтвам чарнобыльскія праблемы, перасьледуюцца. Самы вядомы прыклад — прафэсара Гомельскага дзяржаўнага медычнага ўнівэрсітэту Юрыя Бандажэўскага. Галоўны беларускі спецыяліст па вывучэньні ўплыву на здароўе чалавека малых доз радыяцыі ў 90-я гады быў пазбаўлены волі па надуманых прычынах, стаўшы вязьнем сумленьня.

…Кожнаму, нават мала знаёмаму з радыяцыяй чалавеку відавочна, што ніводнае з дадзеных дзеяньняў улады ня можа палепшыць здароўе беларусаў і наспрыяць лепшай будучыні Беларусі.

Больш таго, зараз на самым вышэйшым узроўні ўлады па сутнасьці без запыту згоды з боку жыхароў краіны прынята рашэньне аб будаўніцтве АЭС на тэрыторыі Беларусі. Прычым станцыя будзе пабудавана ў адным з найбольш чыстых рэгіёнаў краіны — недалёка ад Браслаўскіх азёраў.

ЖАЛОБНЫ ЧАРНОБЫЛЬСКІ МІТЫНГ КАЛЯ БУДЫНКУ ААН

Падчас арганізаванага Беларускім моладзевым рухам Амэыркі мітынгу прамаўлялі перад прысутнымі і прадстаўнікі маладога пакаленьня беларусаў, і людзі з багатым жыцьцёвым досьведам.

Для большасьці з прысутнай моладзі чарнобыльская аварыя — гэта досьвед хвароб сяброў, родных, знаёмых, блізкіх і невядомых людзей. Алесь Вінакураў і Ільля Куніцкі распавялі, як адбілася Чарнобыльская трагедыя на нашай краіне і нашым народзе.

Гэты дзень немагчыма забываць, як тое спрабуюць зрабіць у зараз тыя, хто займае вышэйшыя кіраўнічыя пасады ў краіне ды абавязаны клапаціцца аб людзях Беларусі. Толькі ўзгадваючы кожны пэрсанальна гэты дзень, толькі тым самым ствараючы супольнае грамадзянскае меркаваньне аб чарнобыльскай трагедыі мы можам вырашыць праблемы (сапраўды неверагодна складаныя, а падчас і папросту жудасныя праблемы!), якія стаяць перад Беларусьсю і перад усімі намі.

Для беларусаў больш сталога веку 26-га красавіка 1986 году — гэта дзень, дэталі якога амаль кожны з іх будзе памятаць усё жыцьцё. Мікола Сагановіч узгадаў, што і тады — 24 гады назад — у першыя дні пасьля трагедыі рабілася ўсё магчымае, каб адвесьці ўвагу людзей ад таго, што здарылася, каб паспрабаваць закрыць людзям вочы і заткнуць вушы.

Кіраўніцтва краіны і тады выдатна ведала маштаб катастрофы, але тысячы дзяцей па ўсёй краіне прымалі ўдзел у першамайскіх парадах. Зверху забаранялі дактарам ставіць дыягназы, зьвязаныя з лучавой хваробай. На сходах паўсюль казалі, што нічога сур’ёзнага не здарылася, што гэта ўсё захад безпадстаўна накаляе атмасфэру вакол аварыі. І ў Міколы таксама былі свае сумневы. Пакуль ён на свае вочы не пабачыў, што яго машыну, на якой ён працаваў не пускаюць у Маскву з-за павышанага радыяцыйнага фону і што сотні другіх машын таксама спыняюць, не дазваляючы ехаць далей. Пасьля прыйшлі зьветскі, што па загаду зьверху дажджавыя хмары, каб не дапусьціць распаўсюду радыяцыі ў бок Масквы, вылілі з дапамогай самалйтаў і хімікатаў на беларускай тэрыторыі.

Як вынік — на сёньня амаль траціна Беларусі знаходзіцца пад вялікай радыяцыяй. І, нягледзячы на тое, што ўлада СССРаўская зьмянілася, людзі перад трагедыяй застаюцца па сутнасьці безабароннымі з-за бяздеяньня ўладаў краіны.

Менавіта таму мы сёньня павінны распавядаць адзін аднаму, асабліва тым маладым, хто нарадзіўся ў 80-я гады і пазьней, пра сапраўдны стан рэчаў, пра тое, што катастрофы, параўнальнай з чарнобыльскай, сьвет яшчэ не бачыў і што ад яе трэба бараніцца, а не хавацца за пасаложанымі бесцырымоннымі пустымі словамі, якія ліюцца рэкамі лапшы на вушы беларусаў ад тых, хто называе сябе кіраўнікамі краіны.

Ліна Сагановіч прачытала верш "Чарнобыль" Кацярыны Якіменкі з Ваўкавыску, напісаны калі аўтару словаў было толькі чатырнаццаць гадкоў.

Чарнобыль. Гэта слова ўсім вядома.
Час лечыць, але чамусьці з часам не лягчэй.
Я ў гэты цяжкі год яшчэ не нарадзілася,
На гэты белы сьвет прыйшла гадком пазьней.

Бяда стала маёй, як і ўсяго народу
Пакутлівай, цярплівай Беларусі.
Каб убачыць, што прынесла хваля ўзрыву, —
Паразмаўляй з людзьмі, вакол ты азірніся.

Адно імгененьне рэзка разьдзяліла
Жыцьцё, каханьне, мара напалам,
Што стала апасьля, а што да ўзрыву,
Та трэшчына прайшла па душах і ў дамах.

Ці думаў хто, баяцца будзе ў хату
Сваю зайсьці, радную аж да сьлёз.
І баючыся нейкіх радыяцый,
Не дакрануцца да дубоў і да бяроз.

Там стала "зона". Божа, што такое?
І слоў такіх ня чулі мы раней.
Пакінуць усё і зьехаць, як стаялі,
А як жа жыць? Што будзе далей?

І там жыцьцё, але зусім другое:
Хоць хата новая, але б усё аддаў,
Іржа тугі каб не разьела душу,
Чарнобыль нас крылом не накрываў.

Толькі шматгалосасьць нашага грамадзтва здольна зьмяніць стан рэчаў у нашай краіне ў адносінах да Чарнобылю ды яго радыяцыі, разбураючай беларусаў звонку, а таксама перабароць разьядаючую сёньня беларусаў знутры насаджваемую ўладай бездухоўнасьць, безыніцыятыўнасьць і апатыю. Разам мы здольныя на гэта!

Жалобная акцыя каля будынку ААН ў Нью-Ёрку скончылася сьпевам гімну "Магутны Божа".