Актывісты Брэста правялі акцыю ў гадавіну знікнення Завадскага

07/07/2010

Сябры Руху "За Свабоду", Партыі БНФ, праваабаронцы раздавалі гараджанам літаратуру пра канвенцыю супраць гвалтоўных знікненняў.

Інфармаванне людзей адбывалася каля адміністрацыі Маскоўскага раёну Брэста і доўжылася каля гадзіны. Актывісты распавядалі людзям пра праблему гвалтоўных знікненняў і пра адпаведную канвенцыю, якая прынятая Генасамблеяй ААН, але пакуль не падпісаная Беларуссю. Цікаўныя атрымалі брашуру "Канвенцыю зараз".

− Праз 10 хвілін ад пачатку акцыі да нас выйшаў ахоўнік і затрымаў Андрэя Шарэнду, які фатаграфаваў мерапрыемства. Ён таксама заявіў, што распаўсюд літаратуры несанкцыяваны. Нам прыйшлося тэлефанаваць па нумару 102, каб міліцыянты спынілі супрацьпраўныя дзеянні свайго калегі. Да нас прыехаў нарад аховы, аператыўна-следчая група, супрацоўнікі міліцыі грамадскай бяспекі. Урэшце, праваахоўнікі сышліся на тым, што нашыя дзеянні законныя, і з’ехалі, − распавядае пра акалічнасці правядзення акцыі актывіст Руху "За Свабоду" Раман Кісляк.

Нагадаем, 7 ліпеня 2000 году ў аэрапорце “Мінск-2” пры невядомых абставінах знік тэлеаператар Дзмітры Завадскі. Да гэтага таямніча зніклі вядомы палітык Віктар Ганчар, генерал Юры Захаранка, бізнесовец Анатоль Красоўскі. Апазіцыя падазрае, што да знікненняў мае дачыненне вышэйшае кіраўніцтва краіны.

 

www.by.milinkevich.org