Галоўнае патрабаванне акцыі 16 жніўня — распачаць міжнароднае расследаванне справаў зніклых

28/07/2010

У апошнія тыдні, у выніку перадачаў расейскага ТВ, якія ўсклалі на вышэйшае кіраўніцтва Беларусі адказнасць за знікненні вядомых людзей у краіне, тэма зноў актуалізавалася. На думку арганізатараў шэсця, самы час зноў звярнуцца да міжнародных структураў з патрабаваннем правядзення міжнароднага расследавання акалічнасцяў знікнення Віктара Ганчара, Юрыя Захаранкі, Анатоля Красоўскага і Змітра Завадскага.

Арганізатары спадзяюцца атрымаць дазвол на правядзенне акцыі, але гатовыя да зменаў маршруту і фармату мерапрыемства, як гэта часта адбываецца ў нашай краіне. Паводле арганізатараў, шэсце ў Менску 16 жніўня можа стацца першым крокам да павелічэння грамадскай актыўнасці напярэдадні прэзідэнцкай выбарчай кампаніі.

«На акцыю прыйдуць людзі, для якіх тэма зніклых застаецца важнай, дзеля агучвання праблемаў, каб гэтыя справы былі расследаваныя», — лічыць актывіст «Еўрапейскай Беларусі» Яўген Афнагель, суарганізатар мерапрыемства.

Разгортванне падзеяў падчас шэсця, мяркуе спадар Яўген, больш залежыць ад гарадскіх уладаў, чым ад арганізатараў.

Гэтыя месяцы — лёсавызначальны час для нашай краіны. «Цяпер шмат людзей незадаволеныя ўладаю, але шмат людзей баіцца выходзіць на вуліцы, — мяркуе Яўген Афнагель. — Перамены, якія могуць адбыцца ў нашай краіне, залежаць ад таго, ці пераадолеюць людзі страх перад актыўнымі дзеяннямі».

Заяўку на правядзенне ў Менску шэсця 16 жніўня пад лозунгам «Патрабуем міжнароднага расследавання справаў зніклых» падалі кіраўнік менскай арганізацыі БНФ Віктар Івашкевіч, акіывісты грамадскій кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Яўген Афнагель, Павал Юхневіч. Папярэдне заяўлены маршрут: Акадэмія навук — плошча Свабоды.