У турніры памяці Карпенкі перамагла каманда Беларускай партыі левых «Справядлівы сьвет»

07/08/2010

Пераможцам 13-га турніру па футболе «Кубак Свабоды» памяці палітыка Генадзя Карпенкі стала каманда Беларускай партыі левых «Справядлівы сьвет». У фінальным матчы яна абыграла каманду руху «За Свабоду» зь лікам 3:1. Беларускія левыя становяцца пераможцамі турніру другі год запар.

Каманда Партыі БНФ у матчы за трэцяе месца зь лікам 5:2 абыграла зборную Беларускай асацыяцыі журналістаў.

Паводле вынікаў турніру БАЖ уручыла Партыі БНФ традыцыйны прыз «Трымайся праўды» — «за чэсны і шчыры футбол».

Сёлета ўдзел у турніры бралі шэсьць камандаў: Аб’яднанай грамадзянскай партыі, Беларускай партыі левых «Справядлівы сьвет», Партыі БНФ, руху «За Свабоду», Беларускай асацыяцыі журналістаў і аргкамітэту партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя». Апошняя дэбютавала ў турніры. На футбольнае поле выйшлі вядомыя палітыкі: Анатоль Лябедзька, Яраслаў Раманчук, Алесь Лагвінец, Юры Мілішкевіч і іншыя.

За час правядзеньня турніру памяці Карпенкі чатыры разы ўладальнікам галоўнага трафэю станавілася зборная журналістаў, тройчы турнір выйгравалі каманда АГП і зборная БНФ, па адным разе — зборныя фонду імя Карпенкі і Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ.

Турнір «Кубак Свабоды» праводзіцца з 1999 году. Да гэтага такія спаборніцтвы прымяркоўваліся да прыняцьця Дэклярацыі пра сувэрэнітэт Рэспублікі Беларусь, і ў іх актыўна браў удзел сам Генадзь Карпенка. Пасьля сьмерці палітыка турнір назвалі ягоным імем.

Сёлета з дня сьмерці віцэ-сьпікера Вярхоўнага Савету, члена-карэспандэнта Нацыянальнай акадэміі навук прафэсара Генадзя Карпенкі прайшло 11 гадоў. Ён памёр 6 красавіка 1999 году на 50-м годзе жыцьця, праз тыдзень пасьля таго як перанёс інсульт. Раптоўная сьмерць апазыцыйнага палітыка выклікала шмат пытаньняў, якія дагэтуль застаюцца без адказу, паведамляе БелаПАН.