Пад дзеяньне мараторыя на санкцыi Рады ЭЗ не трапляюць пяць чалавек

25/10/2010

Рада Эўразьвязу працягнула да 31 кастрычніка 2011 года санкцыі адносна высокапастаўленых чыноўнікаў Беларусі. У сьпіс увайшла 41 асоба разам з кіраўніком Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам.

І адначасова Рада ЭЗ працягнула мараторый на прымяненьне санкцый адносна 36 асобаў.

Пад дзеяньне мараторыю не трапляюць пяць чалавек — былы камандзір брыгады спэцназу ўнутраных войскаў МУС Дзьмітрый Паўлічэнка, два былыя міністры ўнутраных спраў Юры Сівакоў і Ўладзімер Навумаў, былы генэральны пракурор Віктар Шэйман і кіраўнік ЦВК Лідзія Ярмошына.

Рада прыняла гэткае рашэньне:

1. Рада зноў заяўляе аб важнасьці палітыкі крытычнага ангажаваньня Беларусі, адзначае працяг на высокім узроўні палітычнага дыялёгу паміж ЭЗ і Беларусьсю, актывізацыю тэхнічнага супрацоўніцтва і ўдзел Беларусі ва "Усходнім партнэрстве", як спосабы ўмацаваньня ўзаемнага разуменьня і стварэньня магчымасьці для вырашэньня пытаньняў, якія выклікаюць заклапочанасьць.

Прызнаючы важнасьць умацаваньня кантактаў паміж людзьмі і спасылаючыся на высновы Рады ад 17 лістапада 2009 года, Рада разьлічвае на атрыманьне прапаноў Эўракамісіі для прамых перамоваў аб спрашчэньні візавага рэжыму і рэадмісіі з
Беларусьсю.

2. Рада пацьвярджае сваю гатовасьць паглыбляць свае адносіны з Беларусьсю ў залежнасьці ад руху Беларусі ў бок дэмакратыі, правоў чалавека і вяршэнства закону, а таксама заяўляе пра гатовасьць аказаць дапамогу Беларусі ў дасягненьні гэтых мэтаў. З улікам прагрэсу ў Беларусі гэтых галінах, яна гатовая прыняць захады па мадэрнізацыі дамоўных адносін з Беларусьсю.

Рада будзе працягваць абмеркаваньне супольнага часовага пляну (joint interim plan) з мэтай вызначыць прыярытэты для рэформаў, якія ляжаць у рэчышчы плянаў дзеяньняў, распрацаваных у рамках Эўрапейскай палітыкі суседзтва, якая будзе ажыцьцяўляцца ў Беларусі. ЭЗ можа разгледзець пытаньне аб прадастаўленьні фінансавай дапамогі Беларусі, калі неабходныя ўмовы будуць выкананы, у тым ліку і пры заключэньні новай праграмы з МВФ.

3. Тым ня менш, Рада па-ранейшаму занепакоеная станам дэмакратыі і правоў чалавека ў Беларусі. Яна глыбока шкадуе з прычыны адсутнасьці прагрэсу ў гэтых галінах, выяўленую ў яе папярэдніх высновах, у тым ліку ў справе неабходнасьці далейшых рэформаў Выбарчага кодэксу, свабоды выказваньня меркаваньняў і свабоды СМІ, свабоды сходаў і асацыяцыяў. Рада чакае наступных раундаў дыялёгу па правах чалавека. Прыгадваючы катэгарычна адмоўнае стаўленьне ЭЗ да сьмяротнага пакараньня, Рада выказвае шкадаваньне з нагоды пакараньня сьмерцю двух грамадзян Беларусі ў сакавіку 2010 году, выказвае шкадаваньне з нагоды апошніх сьмяротных прысудаў у Беларусі і надалей заклікае Беларусь увесьці мараторый на ужываньне сьмяротнай кары з мэтай яе адмены.

4. У сьвятле гэтай сытуацыі Рада ня ў стане скасаваць абмежавальныя захады
супраць некаторых беларускіх чыноўнікаў, і таму вырашыла падоўжыць іх да 31 кастрычніка 2011 году. Аднак, у мэтах спрыяньня прагрэсу ў галінах, вызначаных ЭЗ, Рада разам з тым пастанаўляе падоўжыць прыпыненьне ўжываньня абмежаваньняў на паездкі да той самай даты. У канцы гэтага пэрыяду Рада будзе разглядаць абмежавальныя захады ў сьвятле сытуацыі ў Беларусі. Рада можа вырашыць аднавіць альбо скасаваць абмежаваньні на падарожжы ў любы час, у залежнасьці ад дзеяньняў беларускіх уладаў у сфэры дэмакратыі і правоў чалавека.

5. ЭЗ будзе працягваць аказваць падтрымку грамадзянскай супольнасьці Беларусі ў мэтах спрыяньня разьвіцьцю плюралістычнага і дэмакратычнага асяродзьдзя ў Беларусі.

6. Рада прымае да ведама заяву, што прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі адбудуцца 19 сьнежня 2010 году. Яна заклікае беларускія ўлады забясьпечыць правядзеньне выбараў у адпаведнасьці зь міжнароднымі нормамі і стандартамі дэмакратычных выбараў і абавязаньнямі Беларусі ў рамках АБСЭ і ААН. Рада вітае рашэньне беларускіх ўладаў запрасіць міжнародных назіральнікаў за выбарамі пад кіраўніцтвам БДІПЧ АБСЭ і заклікае беларускія ўлады ў поўнай меры супрацоўнічаць з АБСЭ і БДІПЧ.

Рада таксама настойліва заклікае беларускія ўлады ў поўнай меры выконваць рэкамэндацыі, якія неаднаразова рабіліся БДІПЧ АБСЭ. ЭЗ будзе пільна сачыць за падзеямі і сытуацыяй, якая складзецца пасьля выбараў. Ясны і відавочны прагрэс ў правядзеньні выбараў надасьць новы імпульс эўрапейскай палітыцы ангажаваньня Беларусі.