Статкевічу — 6 гадоў, Усу — 5,5 гадоў турмы

26/05/2011

Шокавыя жорсткія прысуды вынес суд кандыдатам у прэзідэнты і ўдзельнікам акцыі 19 снежня.

Суд Ленінскага раёна Менска прызнаў кандыдатаў у прэзідэнты Беларусі Мікалая Статкевіча і Зміцера Уса вінаватымі ў арганізацыі масавых беспарадкаў 19 снежня і прысудзіў іх да 6 і 5,5 гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

З. Ус, які знаходзіўся да гэтага пад падпіскай аб нявыездзе, заключаны пад варту ў зале суда.

Былы міліцыянт Аляксандар Класкоўскі прысуджаны да 5 гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Акрамя арганізацыі і ўдзелу ў масавых беспарадках, А. Класкоўскі абвінавачваўся па арт. 369 — «Абраза прадстаўніка ўлады» і ст.382 КК — «Самавольнае прысваенне звання ці ўлады службовай асобы».

Суд таксама прысудзіў абвінавачаных па ч.2 арт. 293 КК — «удзел у масавых беспарадках» Аляксандра Квяткевіча — да 3,5 гадоў пазбаўлення волі, Зміцера Буланава — да 3 гадоў, Арцёма Грыбкова — да 4 гадоў пазбаўлення волі з прымусовым лячэннем ад алкагалізму.

Прысуд вынесла суддзя Людміла Грачова. Пракурор Кірыл Чубкавец прасіў прысудзіць Мікалая Статкевіча да 8 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжым, кандыдата ў прэзідэнты Зміцера Уса — 7 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, удзельнікаў Плошчы Аляксандра Класкоўскага — 8 гадоў і 6 месяцаў калоніі ўзмоцненага рэжыму, Аляксандра Квяткевіча — 4 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, Андрэя Пазняка — 4 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, Зміцера Буланава — 4 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, Арцёма Грыбкова — 4 гадоў з прымусовым лячэннем ад алкагалізму.

Адвакаты падсудных заявілі, што абвінавачванне іхніх падабаронных у арганізацыі і ўдзеле ў так званых масавых беспарадках — незаконнае. Дзеянні невялікай групы людзей, выкліканыя спланаванай правакацыяй, нельга лічыць масавымі беспарадкамі. Акрамя таго, у судзе не было прадстаўлена ніякіх доказаў таго, што на плошчы Незалежнасці нібыта былі падпалы і пагромы. Наадварот, факты сведчаць, што «знойдзеныя» на плошчы кавалкі арматуры і бутэлькі з вадкасцю былі туды падкінутыя. Першыя пратаколы агляду плошчы пасля акцыі пратэсту сведчаць, што яна была чыстай. Збройнага супраціву органам правапарадку таксама не было, па той простай прычыне, што ў дэманстрантаў не было зброі, а таксама, таму што ўсе траўмы, якія нібыта атрымалі сведчылі ў судзе спецназаўцы — дробныя і ў большасці сваёй не былі пацверджаныя судмедэкспертызай.

Мікалай Статкевіч і Зміцер Ус таксама ніколі не заклікалі да гвалту на сустрэчах з выбаршчыкамі і на Плошчы, яны толькі казалі аб неабходнасці змагацца з фальсіфікацыямі вынікаў выбараў мірным спосабам.

Гэтак суровы прысуд Мікалаю Статкевічу, на думку назіральнікаў, выкліканы асабістай помстай Лукашэнкі. Падчас свайго перадвыбарчага ўступлення на Беларускім тэлебачанні кандыдат у прэзідэнты звярнуўся да яго на «ты» і заклікаў: «Вярні тое, што скраў! Вярні народу выбары!».

Раней яшчэ адзін кандыдат у прэзідэнты Андрэй Саннікаў, якога называюць асноўным канкурэнтам Аляксандра Лукашэнкі на выбарах, быў асуджаны на 5 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Астатнія кандыдаты — Уладзімір Някляеў і Віталь Рымашэўскі — атрымалі ўмоўныя тэрміны.