Інфармацыйны пікет ў Парыжы

27/06/2011

Сябрамі Беларуска-Эўрапейскага Задзіночаньня быў зладжаны Інфармацыйны пікет ў Парыжы. Галоўнай мэтай пікету было інфармаваньне жыхароў Парыжа і шматлікіх турыстаў пра складаную палітычную сітуацыю на Беларусі і пра паўзучую палітычную і эканамічную акупацыю крамлёўскай мафіяй краін, якія абралі дэмакратычны шлях разьвіцьця.

Арганізатар пікету Павал Хівук зазначае: “Мяне дужа ўразіла жаданьне парыжскай паліцыі пайсьці насустрач і вырашыць усе арганізацыйныя пытаньні праз электронную пошту. У выніку, уся працэдура па атрыманьню дазволу склалася з адсыланьня факсу ў паліцыю і электроннай перапіскі.”

Тэматыка пікету выклікала абурэньне з боку мінакоў-расейцаў, часьцяком толькі наяўнасьць паліцыі, што ахоўвала пікетоўцаў, стрымлівала іх брутальную агрэсыўнасьць. Мерапрыемства выклікала цікаўнасьць таксама ў журналістаў, якія сімпатызавалі актуальнай антымафіёзнай тэматыцы, зазначыўшы, што ўдзельнікаў падобнага пікету нямнога. Радны БНР Зьміцер Піменаў у сваім інтэрвію зазначыў: “Як Лукашэнка, так і некаторыя апазыцыйныя структуры, сядзяць на субсыдыях у крамлёўскіх спецслужб, якія зацікаўленыя ў існаваньні кішэннай апазыцыі. І гэтыя інстынкты перадаліся шматлікім так званым палітычным уцекачам, якія губляюць прытомнасьць ад страху перад сілавымі структурамі крамлёўскай мафіі і таму акцыя мусіць быць значна малаколькасьней, чым можа быць.”

Падчас пікету была распаўсюджана вялікая колькасьць улётак, зьмест якіх пададзены ніжэй. Пасьля прачытаньня іх шмат людзей падыходзіла, каб паціснуць руку і пажадаць посьпехаў ў цяжкай справе засяроджваньня ўвагі на рэаліях сучаснага палітычнага становішча, што складваецца ў краінах былога СССР і Заходняй Эўропы праз усё больш заўважнае пракрамлёўскае лобі і адсутнасьць імунітэту супраць мафіёзнага капіталу расейскіх уладных алігархаў з боку эўрапейскіх палітычных і кіруючых колаў.