Свабодны тэатр паказаў магілёўцам гісторыю жыцця ўдавы Анатоля Красоўскага

17 cтудзеня блізу 60 магілёўцаў наведалі п’есу «Спасцігаючы каханне» Свабоднага тэатра з Менска.

Гісторыю Ірыны Красоўскай, удавы зніклага бізнэсоўца, акторы тэатра распавялі ў доме ў прыватным сектары Магілёва.

На працягу ўсёй пастаноўкі гледачы перажываюць разам з гераіняй Ірынай усе самыя важныя моманты яе жыцця: ад ранняга дзяцінства без бацькі, складанай пары выжывання ў канцы 80-х, да раптоўнага знікнення мужа Анатоля Красоўскага, піша TUT.by.

Перад пачаткам спектакля памочнік галоўнага рэжысёра Святлана Сугака выйшла на сувязь з Мікалаем Халезіным. Галоўны рэжысёр «Свабоднага тэатра» выказаў падзяку гледачам і распавёў, што вельмі рады, што атрымалася давезці гэтую пастаноўку да Магілёва.

Дзякуючы сумленнай ігры актораў паміж гледачамі і тым, што адбываецца на сцэне, усталёўваецца нябачная сувязь. І калі ідылія, пра якую жыва і з гумарам распавядае галоўная гераіня, заканчваецца, глядач аказваецца ў шокавым стане. Многія мужчыны, не кажучы пра жанчын, не змаглі стрымаць слёз праз тое, што разгарнулася пасля рэплікі героя Анатоля: «А потым мяне забілі».

Анатоль сам распавядае пра тое, як яго выкрадалі, і што не было адчування, што гэта ўсё, канец. Што вось-вось здзекі спыняцца і яго пакінуць у спакоі…

Але гэтага не здарылася. «Мяне забілі стрэлам у патыліцу», — кажа вуснамі Анатоля Красоўскага актор «Свабоднага тэатра».

Доўгімі авацыямі праводзіла артыстаў магілёўская публіка. Тройчы галоўным героям прыйшлося выйсці на біс.

 

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *