Пераможцам футбольнага турніру «Кубак Свабоды» стала каманда сацыял-дэмакратаў

10/08/2014

У фінале яна перамагла каманду Беларускай асацыяцыі журналістаў.

Трэцяе месца заняла каманда аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларускi рух», якая ў гульні за бронзу аказалася мацнейшай каманды Партыі БНФ.

У камандзе сацыял-дэмакратаў гулялі актывісты дзвюх партый — Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) і аргкамітэта па стварэнні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Народная грамада».

«Перамогу мы прысвячаем ўсім, хто ўжо 18 гадоў гуляў у гэтым турніры, але, у першую чаргу, Генадзю Карпенка, у памяць пра які мы тут і сабраліся. Я не быў з ім знаёмы асабіста, але шчыра жадаю, каб памяць аб ім жыла, таму што ён быў вельмі моцным і паважаным чалавекам », — сказаў БелаПАН былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў, намеснік старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Валерый Фралоў.

У гэтым годзе ў турніры Кубак Свабоды бралі ўдзел 12 камандаў. Па выніках лёсаваньня яны былі разьмеркаваны на чатыры групы. У першай згуляюць каманды аргкамітэту па стварэньні партыі «Беларусі рух», Партыі БНФ і тэлеканалу «Белсат», у другой — Аб’яднанай грамадзянскай партыі, руху «За Свабоду» і арганізацыі «Маладая Беларусь», трэцяй — Беларускай асацыяцыі журналістаў, газэты «Наша ніва» і Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), чацьвёртай — Беларускага Хельсынскага камітэту, аргкамітэту партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» і Беларускай партыі левых «Справядлівы сьвет».

У мінулым годзе турнір выйграла каманда БАЖ, стаўшы пяціразовым уладальнікам галоўнага трафэя. Тройчы турнір выйгравалі каманда АГП і зборная Партыі БНФ, двойчы — Беларускай партыі левых «Справядлівы сьвет» і «Беларускага руху», па адным разе — зборныя фонду імя Карпенкі і Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі — БНФ.

Турнір «Кубак Свабоды» праводзіцца з 1997 году. Да гэтага падобныя спаборніцтвы былі прымеркаваныя да прыняцьця Дэклярацыі аб сувэрэнітэце Рэспублікі Беларусь, і ў іх актыўна ўдзельнічаў сам Генадзь Карпенка. Пасьля сьмерці палітыка турнір назвалі яго імем.

Генадзь Карпенка памёр 6 красавіка 1999 г. ва ўзросьце 49 гадоў праз тыдзень пасьля таго, як перанёс інсульт. Раптоўная сьмерць апазыцыйнага палітыка выклікала шмат пытаньняў, якія да гэтага часу застаюцца без адказу.

 

Радыё Свабода