«Сёлетная віленская вясна будзе надзвычай гарачай на падзеі. Заплянаваны цэлы шэраг разнастайных акцый ды мерапрыемстваў», — кажа маладафронтавец Кірыл Атаманчык, які навучаецца ў Вільні і ўзначальвае моладзевую ініцыятыву StudAlliance (былое Аб’яднаньне студэнтаў ЭГУ).
«22 сакавіка мы падводзім вынік чатырохмесячнай працы па кампаніі ўшанаваньня памяці беларускага рэвалюцыянера Кастуся Каліноўскага «Вечная памяць Змагару” акцыяй “Апошнія словы». Мы будзем рады бачыць як мага больш людзей у гэты дзень у Вільні на Лукішскім пляцы», — запрашае далучыцца да акцыі Кірыл.
«А 25 сакавіка Вільня адзначыць Дзень беларускага яднаньня. 90-я ўгодкі Беларускай Народнай Рэспублікі сёлета ў Вільні будуць адзначацца не ў асобных суполках і арганізацыях, як раней, а як агульнае сьвята. Такім чынам будзе адноўленая даваенная традыцыя, калі ў дзень 25 сакавіка ў Вільні праходзілі агульная малітва за Беларусь, урачысты сход, канцэрт і шэсьце. У такі дзень забываліся палітычныя падзелы і асабістыя амбіцыі, а ўся беларуская грамада пачувалася адным цэлым. Гэтак мяркуецца зрабіць і сёлета.
А 12-й гадзіне адбудзецца ўскладаньне вянка да помніка стваральнікам БНР братам Івану і Антону Луцкевічам на могілках Роса. А 15-й гадзіне распачнецца Урачысты сход і сьвяточны канцэрт у віленскім Доме настаўніка. Пасля канцэрта публіка рушыць шэсьцем да Базыльянскіх муроў, дзе а 17.30 у царкве Святой Тройцы адбудзецца супольная малітва за Беларусь», — распавядае маладафронтавец Кірыл Атаманчык.
Арганізуюць Дзень беларускага яднаньня вядомыя віленскія дзеячы разам са студэнтамі гарадзкіх універсітэтаў і проста неабыякавымі да незалежнасьці Беларусі людзьмі — педагогамі, журналістамі, бізнэсоўцамі. Дэвіз сёлетняга свята: «Будзьма разам у гэты дзень!»
Прэс-служба МФ