Напярэдадні «Працэсу-14» беларускія палітвязьні, якія ў розныя гады падвяргаліся палітычным рэпрэсіям, накіравалі адкрыты зварот да Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека, Радзе ААН па правах чалавека, АБСЭ, урадам і народам замежных дзяржаў і міжнародным праваабарончым арганізацыям.
Зварот пад назваю "Спыніць палітычныя рэпрэсіі на Беларусі!" быў перададзены 16-га красавіка праз амбасады Францыі, ЗША, Чэхіі і Славаччыны.
Прыводзім поўны тэкст адкрытага звароту:
Паважаныя спадары! Урады і народы сусьвету, людзі добрай волі!
16 красавіка 2008 года ў Менску пачынаецца судовы працэс па крымінальнай справе супраць удзельнікаў мірных акцый пратэсту, якія адбыліся ў пачатку года ў беларускай сталіцы. 14 моладзевых актывістаў, якія выступілі 10 студзеня ў падтрымку свабоды прадпрымальніцтва і іншых сваіх канстытуцыйных правоў, беларускія ўлады вінавацяць у зьдзяйсьненьні крымінальнага злачынства "Арганізацыя, альбо актыўны ўдзел у групавых дзеяньнях, груба парушаючых грамадзкі парадак", што пагражае ім пазбаўленьнем волі да трох гадоў.
Важна зазначыць, што з гэтых 14 актывістаў — Андрэй Кім, Тацьцяна Цішкевіч, Аляксандр Стральцоў, Антон Койпіш, Міхась Пашкевіч, Міхась Субач, Аляксандр Чарнышоў, Павал Вінаградаў, Аляксей Бондар, Аляксандр Баразенка, Уладзімер Сяргееў, Міхась Крываў , Максім Дашук і Арцём Дубскі — шматлікія, як і іншыя больш за 50 апанэнтаў улады, адбылі за тыя жа падзеі адміністрацыйны арышт тэрмінам да 20 сутак.
У дадатак Андрэю Кіму, а таксама Сяргею Парсюкевічу, прад’яўлена крымінальнае абвінавачваньне ў "зьдзяйсьненьні гвалту ў дачыненьні супрацоўніка міліцыі": нібы А.Кім зьдзейсьніў яго падчас вулічнай акцыі пратэсту беларускіх прадпрымальнікаў 21 студзеня, а С..Парсюкевіч у турме, дзе адбываў 15 сутак адміністрацыйнага арышту і трымаў палітычную галадоўку. Па гэтых абвінавачваньнях А.Кім і С.Парсюкевіч, якія ўтрымліваюцца ў ізалятары, могуць быць пакараныя ўладамі пазбаўленьнем волі тэрмінам да шасьці гадоў.
Акрамя таго, у Беларусі працягваецца крымінальны перасьлед па антыканстытуцыйным артыкуле, які рэаніміруе крымінальную норму пары Сталіна, за дзейнасьць у складзе "арганізацыі, якія не прайшлі ва ўсталяваным парадку дзяржаўную рэгістрацыю", за што ім пагражае да 2 гадоў пазбаўленьня волі.
Беларускія ўлады ўпарта, без усякіх падстаў не рэгіструюць моладзевае грамадзкае аб’яднаньне "Малады Фронт" і іншыя дэмакратычныя арганізацыі, абвальваючы на іх актывістаў ціск з боку КДБ і, у канчатковым ліку, крымінальныя рэпрэсіі. Апошнім, дзесятым, выпадкам такога крымінальнага судовага працэсу стаў суд над прадстаўніцай "Маладога Фронту" Кацярынай Салаўёвай, які прайшоў 8 красавіка і прысудзіў яе да значнага штрафу.
Усе паказаныя крымінальныя працэсы маюць відавочна выяўленую палітычную матываванасьць, праходзяць з парушэньнямі як нацыянальнага, так і міжнароднага заканадаўства і маюць сваёй выключнай мэтай пакараць за процідзейную беларускім ўладам актыўнасьць маладых дэмакратаў у Беларусі.
Мы асобіста зьвяртаем усеагульную ўвагу: беларускія ўлады рыхтуюцца зганіць грамадзян за рэалізацыю імі права на волю збораў, адну з гарантый функцыянаваньня дэмакратычнага грамадзтва. Чарговы раз у Беларусі груба парушаюцца адпаведныя мінімальныя стандарты, замацаваныя ў беларускай канстытуцыі і ў такіх міжнародных актах, як Кіруючыя прынцыпы па свабодзе мірных збораў, выпрацаваныя Арганізацыяй па бясьпецы і супрацоўніцтву ў Эўропе.
Сымбалічна нават тое, што беларускія ўлады прызначылі пачатак судовага працэсу супраць беспрэцэндэнтна вялікага ліку абвінавачваных дысідэнтаў, менавіта на 16 красавіка. Кіруючаму ў Беларусі рэжыму вядома, што кожны месяц, 16-го дэмакратычная грамадзкасьць у нашай краіне і за мяжой адзначае Дзень беларускай салідарнасьці з ахвярамі палітычных рэпрэсій — у знак памяці па гвалтоўна зьніклым 16 верасьня 1999 года апазыцыйным дзеячам.
У сувязі з бясконцымі рэпрэсіямі мы, прадстаўнікі беларускіх грамадзян, якіх раней за свае перакананьні ўлады асуджалі ў крымінальным парадку да пазбаўленьня волі, заклікаем сусьветную супольнасьць выявіць праўдзівую салідарнасьць: запатрабуйце, каб беларускія ўлады, падкантрольныя ім суды спынілі памнажаць лік палітычных зьняволеных.
Мы таксама заклікаем вас запатрабаваць ад беларускага кіраўніцтва вызваліць асноўнага беларускага палітвязьня — экс-кандыдата ў прэзыдэнты Беларусі Аляксандра Казуліна, які адбывае па аналягічных абвінавачваньнях ужо трэці год з 5,5 гадоў пазбаўленьня волі.
14 красавіка дэмакратычнага актывіста Змітра Лісяенка прысудзілі да 10 гадоў пазбаўленьня волі, як і ў выпадку з Антонам Кішкурна, улады пад выглядам спыненьня захоўваньня забароненых прадметаў адпомсьцілі былому спэцпрызнаўцу Зьмітру Лісяенку за яго пераход у апазыцыю.
Мы падтрымліваем зварот сфармаванага ў Беларусі аргкамітэта Грамадзкай камісіі па рэабілітацыі ахвяр палітычных рэпрэсій, які 12 сакавіка 2008г. заклікаў Раду па правах чалавека ААН аказаць дапамогу ў арганізацыі міжнароднага супрацоўніцтва па пераадоленьні ў Беларусі выктымізацыі, для чаго правесьці міжнародныя экспэртызы фактаў перасьледу апанэнтаў улады і даць прававую адзнаку дзеяньням афіцыйных асобаў, датычных да такіх перасьледаў. Гэтыя крымінальныя рэпрэсіі, як і ранейшыя гвалтоўныя зьнікненьні палітычных апанэнтаў у Беларусі, могуць быць прызнаныя злачынствамі супраць людзкасьці.
У той жа час мы выказваем надзею, што мы, як і іншыя ахвяры палітычных рэпрэсій у Беларусі, будзем рэабілітаваныя — нам вернуць згубленае сумленнае імя, папраныя правы, пакрыюць прычыненую шкоду ў выніку пазапраўнага прыцягненьня да адказнасьці.
Толькі сумеснымі высілкамі мы зможам спыніць практыку сыстэматычнага невыкананьня Рэспублікай Беларусь сваіх абавязальніцтваў у рамках ААН, АБСЭ і іншых міжнародных абавязальніцтваў у вобласці правоў і свабод беларускіх грамадзян.
Ад грамадзян Беларусі, якія падвергнуліся крымінальным палітычным рэпрэсіям:
Кацярына Садоўская, раней прысуджаная да 2 гадоў пазбаўленьня волі
Мікалай Аўтуховіч, раней прысуджаны да 3,5 гадоў пазбаўленьня волі
Мікалай Астрэйка, раней прысуджаны да 2 гадоў пазбаўленьня волі
Зьміцер Дашкевіч, раней прысуджаны да 1,5 гадоў пазбаўленьня волі
Цімафей Дранчук, раней прысуджаны да 1 году пазбаўленьня волі
Ян Крук, раней прысуджаны да 0,5 году пазбаўленьня волі (арышту)
Юрый Лявонаў, раней прысуджаны да 3,5 гадоў пазбаўленьня волі
Павал Севярынец, раней прысуджаны да 3 гадоў абмежаваньня волі
Сяргей Скрабец, раней прысуджаны да 2,5 гадоў пазбаўленьня волі
Мікалай Статкевіч, раней прысуджаны да 3 гадоў абмежаваньня волі
Артур Фінькевіч, раней прысуджаны да 2 гадоў абмежаваньня волі
Уладзімер Кішкурна, прадстаўнік Антона Кішкурна, які адбывае крымінальнае пакараньне тэрмінам 8 гадоў пазбаўленьня волі
Ігар Рынкевіч, экс-адвакат, прадстаўнік Аляксандра Казуліна, які адбывае крымінальнае пакараньне тэрмінам 5. 5 гадоў пазбаўленьня волі
г. Менск, 16 красавіка 2008 года