Палітвязень Іван Крук выйшаў на волю

10/01/2007

Сёньня на волю выйшаў сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі, палітвязень Іван Крук, які адбыў паўгады за кратамі глыбоцкага арыштнага дому. Сустракаць вязня ў Глыбокае прыхаў лідэр дэмакратычных сілаў Аляксандр Мілінкевіч. Але адміністрацыя папраўчай установы зрабіла ўсё каб палітвязня не сустрэлі на волі яго сябры і паплечнікі.

Івана Крука павінны былі выпусціць а дзесятай гадзіне раніцы. Каля варотаў арыштнага дому ў мястэчку Глыбокае яго чакалі два дзесяткі паплечнікаў. Дзяжурны арыштнага дому пацвердзіў, што Івана Крука выпусцілі раней прызначанага тэрміну.

Апоўдні Іван Крук ужо быў у сваёй хаце ў Астраўцы. Ён расказаў, што на самой справе яго сілай вывезлі з арыштнага дому на дзве гадзіны раней:

— Я яшчэ ўчора прасіў начальства, каб выпусцілі мяне ў акладны час. Сёння ў камеру за мной прыйшлі а сёмай раніцы, сказалі: «Збірай рэчы, на выхад». А палове на восьмую мяне на тэрыторыі калоніі пасадзілі сілаю ў машыну і павезлі на вакзал. Яны хацелі мяне сілай пасадзіць ў менскі аўтобус. Я кажу: «Які Менск?! Мне ж у другі бок зусім! Вязіце хоць на глыбоцкае скрыжаванне». Звязаліся з начальствам, начальства дало «дабро». На глыбоцкім скрыжаванні, дзе ідуць дарогі на Менск і на Вільню, прастаялі паўгадзіны. Пасля ізноў сілай запіхваюць у машыну і вязуць на пастаўскае скрыжаванне — гэта 50 кіламетраў далей. Я там гадзіну стаяў. Ехаў знаёмы з Астраўца на машыне — то падкінуў мяне. Я вось толькі цяпер да хаты ўвайшоў.

Нагадаем, што падчас сёлетняй прэзідэнцкай выбарчай кампаніі астравецкі актывіст Іван Крук быў абвінавачаны ў супраціве міліцыі . Па прыгаворы суда ён адседзеў паўгады за кратамі глыбоцкага арыштнага дому.