Летась у Беларусі да вышэйшай меры пакараньня асуджаныя 16 чалавек

15/02/2007

Летась у Беларусі да вышэйшай меры пакараньня асуджаныя 16 чалавек: дзевяць зь іх — да растрэлу, сем — да пажыцьцёвага зьняволеньня. У 2005-м, пакараньне сьмерцю ўжывалася двойчы. Беларусь застаецца адзінай краінай у Эўропе, дзе практыкуецца сьмяротнае пакараньне. Скасаваньне гэтага віду пакараньня ёсьць абавязковай умовай сяброўства ў Радзе Эўропы.

У параўнаньні з 2005-м, летась вышэйшая мера была ўжытая ў 8 разоў больш. Такое павелічэньне старшыня Вярхоўнага суду Валянцін Сукала тлумачыць тым, што летась было адбыліся суды супраць удзельнікаў некалькіх злачынных груповак. «У шэрагу справаў было проста немагчыма не прызначыць сьмяротнае пакараньне», — адзначыў Сукала, у якасьці прыкладу назваўшы банду Марозава, на рахунку якой 16 забойстваў. Два з удзельнікаў марозаўскай групоўкі падалі на імя Аляксандра Лукашэнкі апэляцыі, у зьвязку з чым выкананьне прысуду адтэрмінаванае.

А.Гулак: «Ёсьць праблема чалавечай маралі: чалавек ня можа забіваць іншага чалавека».

Праваабаронца Алег Гулак лёгіку развагаў спадара Сукалы не абвяргае. Аднак кажа, што яны несумяшчальныя з прынцыпамі агульна чалавечай маралі.

Гулак: «Гэта ўжо даўняя спрэчка і даўняя праблема — што такое сьмяротнае пакараньне. Можна пагадзіцца, што былі нейкія выключныя выпадкі, што насамрэч жорсткія злачынствы ўчыненыя. Пэўную лёгіку ў гэтым знайсьці можна. Але! Ёсьць праблема чалавечай маралі: чалавек ня можа забіваць іншага чалавека. Ня можна лічыць прыстойным, калі чалавек забівае іншага, нават калі гэтага чалавека ўпаўнаважвае дзяржава. А ў любым выпадку сьмяротнае пакараньне — чалавек жа ня сам па сабе забіваецца. Ёсьць людзі, якія гэта робяць, прызнаюць гэта дапушчальным. І гэта страшна. Зь іншага боку, ёсьць чыста прававы падыход. Давайце адкрыем Крымінальны кодэкс і паглядзім, якія мэты пакараньня? Перавыхаваньне чалавека! Ніякім чынам нельга дапускаць, каб пакараньне насіла характар помсты. А сьмяротнае пакараньне — гэта ў чыстым выглядзе помста. І гэта сярэдневечча».

Больш за 10 гадоў мараторыя на сьмяротнае пакараньне ёсьць абавязковай умовай уступленьня ў Раду Эўропы. Яшчэ ў 2003-м дэпутаты Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы заклікалі Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі накласьці мараторый на сьмяротнае пакараньне. Аднак тады беларускія дэпутаты не пагадзіліся.

80% насельніцтва Беларусі, згодна з вынікамі рэфэрэндуму 1996 году, выказаліся супраць адмены сьмяротнага пакараньня. За скасаваньне тады прагаласавалі 17% выбарцаў. Супраціўнікі перакананыя: скасаваньне сьмяротнага пакараньня абвяшчаць заўчасна, паколькі гэта можа выклікаць выбух злачыннасьці.

Міжнародная праваабарончая арганізацыя «Міжнародная амністыя» ў сваіх штогадовых справаздачах адзначае: усё больш краінаў у сьвеце адмаўляецца ад сьмяротнага пакараньня. Аднак летась у сьвеце было асуджана да сьмерці больш людзей, чым за апошнія чвэрць стагодзьдзя. Свой унёсак у гэтую статыстыку зрабіла і Беларусь — адзіная краіна Эўропы, дзе дагэтуль караюць сьмерцю.

М.Грыб: «Я катэгарычна супраць сьмяротнага пакараньня».

Старшыня Вярхоўнага савету Беларусі 12-га скліканьня Мячыслаў Грыб у некалі рассьледваў так званай Віцебскай справай. Сэрыйнага забойцу і гвалтаўніка не маглі злавіць некалькі гадоў. Паводле спадара Грыба, тады судовая памылка ў абвяшчэньні сьмяротнага прысуду прычынілася да сьмерці невінаватага чалавека.

Грыб: «Мабыць, камусьці здаецца, што я, адпрацаваўшы 36 гадоў у органах унутраных справаў, падтрымліваў бы сьмяротнае пакараньне. Але насамрэч я катэгарычна супраць сьмяротнага пакараньня (хоць, дзеля справядлівасьці, гэта можа і ня самая горшая мера пакараньня ў параўнаньні з пажыцьцёвым зьняволеньнем). Сьмяротнае пакараньне можа пацягнуць за сабой памылку судовую, якую выправіць ніяк не магчыма. Бо чалавека не падымеш, не ажывіш. Калі шла віцебская справа, намі было высьветлена: 13 чалавек незаконна асуджаныя за крымінальныя дзеяньні, якія яны не ўчынялі. А адзін зь іх, Цярэня, быў нават растраляны паводле судовага прысуду. Вось тады мы ўсе рэальна ўбачылі, да чаго можа прывесьці судовая памылка».

Паводле беларускіх законаў, сьмерцю чалавека можна пакараць толькі за забойства. Растрэльваюць толькі паўнагадовых мужчынаў.

Цела пакаранага родным не выдаюць. Дата пакараньня загадзя не паведамляецца.

У 2006 годзе ў Беларусі паводле разгляду вынікаў крымінальных справаў асуджана болей за 78 тысяч асобаў. Пры гэтым апраўданыя толькі 162 чалавекі.

Разам з тым, паводле старшыні Вярхоўнага суду Валянціна Сукалы, судамі краіны дапушчаныя неабгрунтаваныя прысуды ў дачыненьні да 12 чалавек, правапарушэньні з боку якіх не ўяўлялі грамадзкай небясьпекі.

У агульнай структуры крымінальных пакараньняў прасочваецца больш частае ўжываньне маёмасных санкцый — пакараньне ў выглядзе штрафаў было выбрана ў адносінах да 8 тысяч 600 чалавек, што складае 11% ад усіх асуджаных (тры гады таму гэты паказьнік складаў 3,2%).

 

Ігар Карней
Радыё Свабода