Ірына Красоўская: Падпісанне Канвенцыі — гэта сур’ёзны крок любой дзяржавы ў будаванні дэмакратыі

06/03/2007

«Мы, сваякі зніклых беларусаў, лічым, што падпісанне Канвенцыі аб абароне ад гвалтоўных знікненняў — гэта сур’ёзны крок любой дзяржавы ў будаванні дэмакратыі і вяртанні на шлях законнасці і справядлівасці. Гэта вельмі важна, бо без асэнсавання і разумення памылак мінулага немагчыма пабудаваць справядлівую будучыню. І менавіта таму, грамадзянская ініцыятыва «Мы памятаем” актыўна ўдзельнічае ў прасоўванні Канвенцыі аб абароне ад гвалтоўных знікненняў на міжнародным узроўні», — заявіла ў інтэр’ю прэс-цэнтру Хартыі’97 удава выкрадзенага ў Беларусі бізнэсмэна і грамадскага дзеяча Анатоля Красоўскага, лідэр грамадзянскай ініцыятывы «Мы памятаем» Ірына Красоўская, каментуючы заяву, зробленую на канферэнцыі ААН у Нью-Ёрку намесніцай кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Беларусі Наталляй Пяткевіч.

Ірына Красоўская нагадала, што грамадзянская ініцыятыва «Мы памятаем» заклікала беларускі ўрад далучыцца да падпісання Канвенцыі.

«Але гэта, хутчэй, быў акт напаміну пра здзейсненае злачынства, чым надзея вырашыць гэтую праблему з дапамогай беларускага рэжыму. Спадарыня Пяткевіч выказвае ўласную думку і гаворыць ад імя дыктатарскага рэжыму. Я не лічу, што гэтая паездка ў ААН дадала аўтарытэту Навумаву і Пяткевіч. Усім, хто ўдзельнічае ў канферэнцыі ААН, мы накіравалі лісты і зараз усе ведаюць пра сапраўдную сутнасць беларускіх удзельнікаў канферэнцыі», — сказала Ірына Красоўская.

Нагадаем, што намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Беларусі Наталля Пяткевіч заявіла на прэс-канферэнцыі ў штаб-кватэры ААН, што Канвенцыя аб гвалтоўных знікненнях для Беларусі не актуальная. Як паведаміла Наталля Пяткевіч, МЗС Беларусі не будзе надаваць статус першачарговасці гэтай канвенцыі ААН.

«Для Беларусі гэтая канвенцыя не актуальная, яна для нас іграе такое самае значэнне, як ахова азонавага слою або абарона галадаючых. У нас такой праблемы няма», — заявіла Наталля Пяткевіч.

Цяпер намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Наталля Пяткевіч і міністр унутраных спраў Уладзімір Навумаў прадстаўляюць Беларусь на міжнароднай канферэнцыі па праблемах гандлю людзьмі, якая праходзіць у штаб-кватэры ААН.

Канвенцыя ААН аб гвалтоўных знікненнях была прынятая Генасамблеяй ААН у 2006 годзе.