У Дрэздэне пачынаецца тыдзень салідарнасьці зь Беларусьсю

19/03/2007

Імпрэзы адкрыюцца фільмам Юрыя Хашчавацкага «Плошча» і студэнцкім лялечным спэктаклем для дарослых «Гісторыя пра Лукаса Шэнкера, які хоча стаць кракадзілам».

Арганізатар тыдня — культурніцкае аб’яднаньне KulturAktiv. Адзін зь ягоных актывістаў, дрэздэнскі студэнт Мірка Зюнэвальд паведаміў, што ў рамках тыдня таксама адбудзецца літаратурная імпрэза з удзелам Артура Клінава — аўтара перакладзенай на нямецкую мову кнігі «Менск — горад CОНца», а таксама палітычныя і культурніцкія дыскусіі пра Беларусь.

Мірка Зюнэвальд — ня толькі арганізатар імпрэзаў, але таксама і адзін з аўтараў і выканаўцаў лялечных спэктакляў пра хлопчыка Лукаса Шэнкера. Гэта стыль папулярнага сярод немцаў палітычнага кабарэ. У спэктаклі шмат гумару, сатыры, палітычных паралеляў.

Мірка Зюнэвальд: «Вясковы хлопчык Лукас Шэнкер, які вельмі хоча стаць кракадзілам, ёсьць нашым галоўным героем. Акрамя яго ёсьць яшчэ бабуля, вясёлы сабачка і Пуцін. Наша гісторыя ня мае строгага сюжэту, гэта заўсёды імправізацыя. Нязьменна адно: вясковаму хлопчыку, дарэчы, вельмі падобнаму на аднаго дзядзьку, катэгарычна не падабаецца ягонае жыцьцё і яму пастаянна хочацца ператварыцца ў кракадзіла. Кожны раз ажыцьцяўленьню ягонай мары штосьці перашкаджае. Што адбудзецца сёньня ў часе спэктаклю — мы пакуль ня ведаем. Мы ведаем толькі, што Пуцін хоча застацца Пуціным, хоча трымаць Лукаса на павадку і ня хоча, каб той стаў кракадзілам».

Сёньня ў Дрэздэне, як і па ўсёй Нямеччыне, пачалася акцыя ў падтрымку беларускага палітвязьня Зьмітра Дашкевіча. Яе арганізатары — актывісты мясцовых філіяў Міжнароднай амністыі, заклікалі суайчыньнікаў цягам бліжэйшых дзён накіроўваць на рахунак беларускай амбасады ў Бэрліне па аднаму эўрацэнту з паметкай «Свабоду Дашкевічу!». Такім чынам удзельнікі акцыі зьбіраюцца нагадаць беларускім чыноўнікам пра парушэньні правоў чалавека ў Беларусі.

 

Радыё Свабода