Улады адмаўляюць кампраміс і забаранілі святкаванне Дня Волі

19/03/2007

«Улады не здалі экзамен на спеласць. Гэта памылка ўладаў, якія ідуць на канфарантацыю. Яны прадэманстравалі сваё бяссілле і неахвоту прыняць да ўвагі жаданне грамадскасці», – заявіў Аляксандр Мілінкевіч у адказ на адмову Мінгарвыканкама ў правядзенні мітынгу на Кастрычніцкай плошчы 25 сакавіка.

Сёння, 19 сакавіка, лідэра дэмсілаў Аляксандра Мілінкевіча, а таксама іншыя заяўнікі акцыі 25 сакавіка, сярод якіх В.Івашкевіч, В.Вячорка, А.Ляўковіч, сустрэліся з гарадскімі ўладамі, каб абмеркаваць фармат акцыі на Дзень Волі. Сустрэча прайшла ў Мінскім гарвыканкаме ў прысутнасці намесніка старшыні гарвыканкаму Міхаіла Ціцянкова, начальніка мінскай міліцыі Анатоля Куляшова і пракурора гораду Мікалая Куліка. Пра падрабязнасці сустрэчы расказаў Аляксандар Мілінкевіч па тэлефоне карэспандэнту «Нашай Нівы».

Заяўнікам акцыі было абвешчана, што правядзенне акцыі 25 сакавіка на Кастрычніцкай плошчы «не магчымае». Быў «прапанаваны» альтэрнатыўны варыянт: збор удзельнікаў ля прэзыдыюму Нацыянальнай акадэміі навук, мірнае шэсце па ходніках вуліцы Сурганава – і мітынг на плошчы Бангалор. «У акцыі не павінны ўдзельнічаць больш за тысячу чалавек», – падкрэслілі ў гарвыканкаме. Таксама будучым арганізатарам чарговы раз нагадалі пра магчымую адказнасць за парушэнне правілаў правядзення мітынгаў і сходаў.

Аляксандар Мілінкевіч заявіў, што рашэнне гарвыканкаму пра змяненне фармату шэсця не прымальнае, яно пярэчыць Канстытуцыі. «Мы прапанавалі ўладзе кампраміс і засведчылі, што самі настроены супраць канфрантацыі. Сваёй адмовай ўлада не ўсведамляе рэальнай сітуацыі ў краіне».

На сустрэчы прысутнічалі супрацоўнікі тэлевізіі, таму, магчыма, вынікі сустрэчы пакажуць у вечаровых навінах.

Нагадаем, што меркаваны пачатак акцыі а 12-й. Таксама зазначым, што ў ноч з 24 на 25 сакавіка на тэрыторыі Беларусі ўводзіцца летні час, і гадзіннікі будуць пераведзеныя на гадзіну наперад.