«Дробным хуліганам» Пушкіну і Янушэўскаму — па сем сутак

12/09/2007

У Воршы завяршыўся разгляд адміністрацыйных спраў мастака Алеся Пушкіна і актывіста Аляксея Янушэўскага. Прычым, як паведаміў мясцовы праваабаронца Васіль Леўчанкоў, затрыманых міліцыянты даставілі ў памяшканьне праз службовы ўваход, не папярэдзіўшы па пачатак разгляду судовай справы. Праваабаронцы склалі заяву аб прызнаньні незаконным закрытага характару адміністрацыйнай справы і перадалі ў канцылярыю Аршанскага суду. Яны трапілі на суд толькі пасьля перапынку.

Суддзя Тацяна Рыбакова абвінаваціла затрыманых актывістаў у дробным хуліганстве і пакарала абодвух адміністрацыйным арыштам на 7сутак.

Нагадаем, што адміністрацыйная справа у дачыненьні да Алеся Пушкіна і Аляксея Янушэўскага адна з самых непадрыхтаваных і непрафесійных. Пра гэта сьведчыць той факт, што суд некалькі разоў пераносіўся і міліцыянты вымушаны былі перапісваць пратаколы, мяняючы склад правапарушэньня. Учора суд не адбыўся па прычыне таго, што ў Воршы не знайшлося перакладчыка з беларускай мовы. Аб чым настойвалі затрыманыя 9 верасня актывісты.