Сёньня Сацыяльны марш прайшоў па двух маршрутах — ад пляцоўкі ля Акадэміі навук да плошчы Бангалор, а таксама невялікая частка моладзі сабралася на Кастрычніцкай плошчы і прайшла шэсьцем да плошчы Незалежнасьці. Удзельнікаў акцыі запісаў наш карэспандэнт.
Да Акадэміі навук Галіна Курылёнак прыйшла з рондалям і лыжкай. Яна пратэстуе супраць адмены льгот:
“Паважаная “Свабода”, зьвярніце ўвагу на нас, на нашу галечу. Я вязень канцлягеру Зэксэнгаўз, я таксама ваявала ў партызанах. А сёньня ён нас пазбаўляе, вязьняў канцлягера. За што ж нам гэткія пакуты?! Прызначыла ж нам апазыцыя гэтыя льготы — Шушкевіч, Пазьняк, Беленькі, Крыжаноўскі. А што ж гэта робіцца?! Чаму ж гэткая несправядлівасьць?!”
Сярод дэманстрантаў, якія ішлі на Бангалор, ліквідатары наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Уладзімер Феактыстаў сказаў:
“Лукашэнка адмяніў ня льготы, а адмяніў гарантыі і кампэнсацыю нашага згубленага здароўя. І проста нас забіваюць, па сутнасьці. Лукашэнка, улада забівае свой народ — і інвалідаў, і дзяцей, і маламаёмасных. І нам трэба разам змагацца. Я думаю, будзе нарастаць гэтае абурэньне, гэта будзе незадаволенасьць і барацьба з гэтым рэжымам”.
Чаму выйшаў на марш сябра БНФ Пятро Садоўскі:
“Бо есьці хочацца. Людзі пакуль што не прачнуліся, яшчэ, мусіць, ня ўсе хочуць есьці. Пасьля новага году, я думаю, больш выйдзе, калі прыпячэ”.
В.Івашкевіч: “Бойка псэўдафашыстаў з псэўдаанархістамі — вынаходніцтва ўлады”
Невялікая колькасьць дэманстрантаў сабралася ў цэнтры Кастрычніцкай плошчы. Намесьнік старшыні Партыі БНФ Віктар Івашкевіч выйшаў зь бел-чырвона-белым сьцягам і сьцягам Эўразьвязу:
“Я выйшаў на гэтую акцыю, каб прадэманстраваць, што для Народнага фронту і для мяне асабіста няма забароненых месцаў. Улада ня можа забараніць мне прыйсьці ў цэнтар Кастрычніцкай плошчы, як ня могуць псэўдарадыкалы прыйсьці на Бангалор. Галоўнае — эфэктыўнасьць, а не паказаны радыкалізм. Дарэчы, тых, якія заяўлялі, што яны радыкалы і моладзевыя лідэры, зараз няма. Я ня бачу іх тут ў цэнтры Кастрычніцкай плошчы”.
Віктар Івашкевіч параўнаў Эўрапейскі і Сацыяльны маршы. Ён сказаў, што ўлады ідуць на новыя вынаходніцтвы:
“Бойку, якую ўсчалі псэўдафашысты з псэўдаанархістамі, і якая здымалася Беларускім тэлебачаньнем — гэта тыя вынаходніцтвы, на якія ідзе ўлада. Раней улада дзейнічала проста — бі дубінай па галаве, саджай ў аўтазак і завозь. А цяпер мы бачым, што ўлада ня можа дзейнічаць ранейшымі мэтадамі. І трэба аддаць належнае, яны прыдумваюць новыя хады. Улада дзейнічае пры дапамозе правакацый”.
І.Рынкевіч: “Трэба капаць глыбока, капаць новай рыдлёўкай”
На Кастрычніцкай плошчы некалькі грамадзянаў разгарнулі расьцяжку “Свабоду Казуліну!”. Актывіст БСДП(Грамада) Ігар Рынкевіч прынёс на плошчу рыдлёўку.
“Я прыйшоў з новай штыкавой рыдлёўкай, бо прыйшоў час, калі трэба капаць глыбока, капаць новай рыдлёўкай. Трэба глядзець і капаць у корань. А корань у нас такі, што ўлада нелегітымная ў асобе Лукашэнкі, улада праводзіць прыхватызацыю, няма нармальных выбараў у краіне. І што насьпеў час праводзіць акцыі больш сур’ёзна. Мы бачым, што сёньня Сацыяльны марш — хто прыйшоў, колькі чалавек прыйшло?
Рыдлёўка ў пэўным сэнсе — зброя пралетарыяту. На Сацыяльны марш павінны былі прыйсьці рабочыя. Таму гэта свайго роду такі сымбалізм — што, браць шуфлікі і зноў ісьці на Банаглор зьбіраць фэкаліі сабак, як маладыя ўручылі нашым вэтэранам апазыцыі? Яны ўсё роўна пайшлі на Бангалор”.
А.Лябедзька: “Тое, што мы вярнуліся на Кастрычніцкую — гэта сымбалічна”
На Кастрычніцкім пляцы былі й сябры АГП разам зь лідэрам Анатолем Лябедзькам. Ён падводзіць вынікі Сацыяльнага маршу, на якім ён убачыў новых людзей:
“І вельмі добра, што яна прайшла так, у такім фармаце. Яны прайшлі, у іх ёсьць нейкая ўпэўненасьць, што гэта ня страшна. Канечне, хацелася, каб было больш людзей. Але гэта толькі пачатак. 4-га мы ня ставім кропку, а ставім коску”.
Паводле спадара Лябедзькі, у грамадзянаў быў выбар — пайсьці на Бангалор альбо на Кастрычніцкую плошчу.
“І тое, што мы адваявалі, вярнуліся на тое месца, дзе разгортваліся галоўныя падзеі падчас прэзыдэнцкай кампаніі — гэта сымбалічна. Можна сюды ісьці і не баяцца”.
Кароткая акцыя на Кастрычніцкім пляцы скончылася. Аднак невялікая колькасьць моладзі, якая несла бел-чырвона-белыя сьцягі, а таксама сымболіку “Маладых дэмакратаў” АГП, сябры БСДП (Грамада), прайшлі шэсьцем па ходніках да плошчы Незалежнасьці. Яны несьлі расьцяжку “Не — адмене льгот!” і скандавалі “Жыве Беларусь!” Міліцыянты не перашкаджалі дэманстрантам і нікога не затрымлівалі.
Алесь Дашчынскі
Радыё Свабода