Сёньня Юрыю Захаранку споўнілася б 54 гады

05/06/2006

З моманту зьнікненьня генэрала Захаранкі мінула амаль 7 гадоў. Што ён жывы, верыць усё менш людзей. Сярод тых, хто не пазбавіўся такой веры, найперш маці.

81-гадовая Ульяна Захаранка, якая жыве ў Васілевічах, сына згадвае штодня:

(Ульяна Захаранка: ) «Я ўсё думаю, што ён дзесьці жывы. Усё я думаю, што ён вось-вось да мяне вернецца. Толькі ня ведаю, я яго дачакаюся ці не… Варажылі, што ён вернецца, але мяне ўжо не застане. Варожка глянула на фотаздымак ды кажа, што вось гэты чалавек жывы. Але ў яго столькі праблем, што ён бедны ня ведае, дзе душу падзеці. Але хутка вернецца. Я гэтак і думаю. А дачка яго кожны тыдзень зь Нямеччыны тэлефануе. Казала: мне так татка насьніўся…»

Жонка і дзьве дачкі Юры Захаранкі жывуць у Нямеччыне, дзе атрымалі палітычны прытулак. Яны падтрымліваюць сувязь ня толькі з Ульянай Захаранка, а й з паплечнікамі мужа й бацькі. У прыватнасьці, з актывістам Аб’яднанай грамадзянскай партыі Васілём Шлындзікавым, які сябраваў з Захаранкам:

(Шлындзікаў: ) «Генэральскае званьне ён у адрозьненьне ад многіх меў заслужана. Увесь яго характар, учынкі адпавядалі высокаму вайсковаму званьню абаронцы. Ён быў сьціплы і вельмі надзейны. Захаранка быў менавіта такім чалавекам».

У фільме Юры Хашчавацкага «Звычайны прэзыдэнт» Юры Захаранка патлумачыў, чаму ён спыніў супрацоўніцтва зь цяперашняй уладай:

(Юры Захаранка: ) «Калі я даведаўся, што ўяўляе сабою Аляксандр Рыгоравіч, я зразумеў, што сама форма яго і зьмест — гэта зусім супрацьлеглыя паняцьці. Тая шчыраць, якая заўважаецца на экране, яна не адпавядае ўнутранаму зьместу».

Нядаўна Васілевічы наведаў прэтэндэнт на прэзідэнта ад аб’яднанай апазыцыі Аляксандр Мілінкевіч, дзе сустрэўся са сваякамі і землякамі зьніклага палітыка:

(Мілінкевіч: ) «Асабіста я ня быў знаёмы з Юры Захаранкам. Але ведаю, што гэты чалавек карыстаўся вялікай павагай сярод супрацоўнікаў МУС. Таму што чалавек быў прафэсіяналам. І акрамя таго, ён чалавек быў вельмі мужны, таму што толькі адзінкі чыноўнікаў выступілі супраць беззаконьня ў краіне».

У справе афіцыйнага расьсьледаваньня абставін зьнікненьня Юры Захаранкі па-ранейшаму ніякага прагрэсу. Гаворыць праваабаронца Алег Волчак:

(Волчак: ) «Як заўжды, яно будзе падоўжвацца на тры месяцы. Мы не бачым, што там рэальна праводзяцца нейкія сьледчыя дзеяньні і хтосьці нешта рэальна шукае».

Юры Захаранка нарадзіўся 4 студзеня 1952 году ў мястэчку Васілевічы на Гомельшчыне. У 1994 годзе зацьверджаны Вярхоўным Саветам на пасаду міністра ўнутраных спраў Беларусі. Падтрымліваў тагачасны парлямэнт у супрацьстаяньні Аляксандру Лукашэнку, У 1995 годзе кіраўнік краіны накіраваў генэрала Захаранку ў адстаўку. Пасьля гэтага экс-міністар стаў актыўна займацца палітыкай, браў удзел у апазыцыйных акцыях. У 1998 годзе Юры Захаранка ўвайшоў у склад створанага дэмакратычнымі сіламі Нацыянальнага выканаўчага камітэту. 7 траўня 1999 году ён зьнік пры абставінах, якія дагэтуль застаюцца нявысьветленымі.

Дэмакратычная грамадзкасць у Беларусі штомесяц 16 дня адзначае Дзень салідарнасьці са зьніклымі асобамі, з ахвярамі палітычных рэпрэсіяў, з усімі тымі, хто змагаецца за свабоду і дэмакратыю.

«Радыё Свабода»