Сёньня чацьвёрты раз адбылася акцыя салідарнасьці зь сем’ямі зьніклых і палітвязьняў. Нагадаем, арганізатары акцыі заклікаюць грамадзянаў 16-га чысла кожнага месяца а 8-й вечара выключаць сьвятло і запальваць на вокнах сьвечкі. Некалькі дзесяткаў сяброў моладзевых незарэгістраваных арганізацый правялі акцыю пратэсту ў цэнтры Менску. Яны былі апранутыя ў джынсавую вопратку і раздавалі мінакам джынсавыя стужкі. Джынс маладыя беларускія актывісты абралі сымбалем пераменаў. Супрацоўнікі міліцыі не разганялі акцыю, але затрымалі двух актывістаў руху «Зубр».
У дзяжурнай частцы міліцыі Цэнтральнага раёну знаходзяцца актывісты моладзевага руху «Зубр» Натальля Ўшко і Аляксей Ляўковіч. Іх затрымалі пасьля таго, як моладзь пачала разыходзіцца.
А 18-й гадзіне вечара больш за сотню маладых людзей сабраліся на праспэкце Францішка Скарыны ля ГУМу. Сярод іх былі прадстаўнікі розных незарэгістраваных моладзевых арганізацый. Яны былі апранутыя ў джынсы. Апроч таго, на іх вопратцы былі замацаваныя джынсавыя стужкі. На елку, якая стаяла ля ганку ГУМу юнакі павесілі сьцяжкі з джынсавай тканіны з лягатыпам акцыі салідарнасьці зь сем’ямі зьніклых і палітвязьняў.
Прэсавы сакратар руху «Зубр» Аляксандр Атрошчанкаў паведаміў «Свабодзе», што моладзевая акцыя ёсьць яшчэ адным сродкам данясеньня інфармацыі да грамадзкасьці:
(Атрошчканкаў: ) «У нашых умовах моладзь ды іншыя мусяць шукаць новыя мэтады. Як мы бачым, гэта вельмі эфэктыўна. Шмат хто зь людзей бярэ джынсавыя стужкі зараз і нават замацоўваюць іх на вопратцы. Джынсавы колер — колер супраціву. Джынсы заўсёды апраналі свабодныя людзі. Сёньня гэта яшчэ й пратэст студэнтаў супраць гвалтоўнага збору подпісаў за Лукашэнку».
Большасьць удзельнікаў акцыі студэнты. Хлопцы раздавалі мінакам джынсавыя стужкі.
(Вінярскі: ) «У нас адзіная магчымасьць выказаць свой пратэст — гэта выйсьці з джынсавымі стужкамі ў джынсавым адзеньні. Трэба паказаць, што мы думаем, пакаць што ГЭТА пачалося і гэта не спыніць. Салідарнасьць падыме наш народ. Людзі павінны пазбавіцца страху.»
Людзі, якія чакалі грамадзкага транспарту на прыпынку насупраць ГУМу, падыходзілі да ўдзельнікаў акцыі і запытвалі што адбываецца. Ім распавядалі пра акцыю салідарнасьці. Апроч таго, студэнты выказваліся супраць прымусовага збору подпісаў за Аляксандра Лукашэнку.
Супрацоўнікі міліцыі, спэцназу і іншых структураў назіралі за натоўпам, але не разганялі моладзь.
Напрыканцы акцыі да елкі падышлі супрацоўнікі камунальных службаў і пачалі здымаць джынсавыя сьцяжкі. Пачуўшы шмат жартаў з боку моладзі, яны забралі шуфлі са сьмецьцем і адышлі. Да падземнага пераходу пад’ехала міліцэйская машына, але студэнты ўжо разыходзіліся. Актывістаў моладзевага руху «Зубр» Аляксея Ляўковіча і Натальлю Ўшко затрымалі ў мэтро на станцыі «Кастрычніцкая». Аляксей Ляўковіч і Натальля Ўшко не аднойчы адбывалі арышт у камэры спэцпрыёмніка-разьмеркавальніка на вуліцы Акрэсьціна за ўдзел у несанкцыянавах мерапрыемствах. Іх адвезьлі ў Цэнтральны РУУС.
Супрацоўнікі міліцыі паведамілі, што гэтым разам складуць пратакол паводле 143 артыкулу Адміністрацыйнага кодэксу (самавольнае вывешваньне бялізны і іншых прадметаў на балконах і фасадах дамоў, якія парушаюць архітэктурны ансамбаль будынку). Актывістаў «Зубру» пасьля гэтага адпусьцілі. Адміністрацыйны пратакол будзе разглядаць камісія ў райвыканкаме.
Радыё Свабода