«ENEMO» асуджае дзеяньні КДБ

03/03/2006

Эўрапейская сетка арганізацыяў для назіраньня за выбарамі (ENEMO) выказала пратэст у сувязі з затрыманьнем на мінулым тыдні чатырох сяброў незарэгістраванай грамадзянскай ініцыятывы «Партнэрства».

«ENEMO» асуджае такія дзеяньні беларускіх уладаў і разглядае іх як спробу зламіць ініцыятыву мясцовых назіральнікаў», — гаворыцца ў распаўсюджанай сёньня заяве генэральнага сакратара ENEMO Пэтэра Новатнага. Эўрапейская сетка арганізацыяў для назіраньня за выбарамі заклікала Раду Эўропы, АБСЭ, ААН і міжнародную супольнасьць скарыстаць свой уплыў на ўлады Беларусі для вызваленьня беларускіх назіральнікаў.

Мікалая Астрэйку, Эніру Браніцкую, Цімафея Дранчука і Аляксандра Шалайку затрымалі 21 лютага ў якасьці падазраваных згодна з часткай 2 артыкулу 193-га Крымінальнага кодэксу Беларусі — арганізацыя або кіраваньне грамадзкім аб’яднаньнем, рэлігійнай арганізацыяй або палітычнай партыяй, якія чыняць замах на асобу, правы і абавязкі грамадзянаў і якія не прайшлі дзяржаўнай рэгістрацыі.

 

Менская пракуратура вынесла абвінавачаньне сябрам незарэгістраванай арганізацыі «Партнэрства» Цімафею Дранчуку, Міколу Астрэйку, Аляксандру Шалайку і Эніры Браніцкай. Іх абвінавачваюць у кіраваньні арганізацыяй, якая парушае правы грамадзянаў і стварае дэстабілізацыю ў грамадзтве.

Гарадзкі пракурор мерай стрыманьня абраў арышт.

Нагадаем: 22 лютага супрацоўнікі КДБ затрымалі актывістаў «Партнэрства». У іх кватэрах правялі ператрус і забралі ўсе носьбіты інфармацыі

Цімафей Дранчук, Мікола Астрэйка, Аляксандр Шалайка і Эніра Браніцкая знаходзяцца ў сьледчым ізалятары КДБ. Іх сваякі абураныя тым, што ўсе дзеяньні сьледчых органаў засакрэчаныя. Тым часам кіраўнік КДБ і кіраўнік дзяржавы публічна абвінавацілі актывістаў «Партнэрства» у злачынствах.

Маці Міколы Астрэйкі ініцыявала зварот да грамадзкасьці.

(Яўгенія Астрэйка: ) «Усё гэта робіцца ў такой сакрэтнасьці, што ўсім зразумела, што справа гэтая палітычная. Нашы дзеці не злачынцы. Яны ня маюць ніякіх адносінаў да таго, што на іх льецца. Вырашаем зьвярнуцца да грамадзкасьці, да ўсіх людзей Беларусі, каб яны дапамаглі выратаваць нашых дзяцей і ўсіх нас».

Арыштаваным актывістам «Партнэрства» дазволілі ліставацца са сваякамі. Яны могуць раз на два тыдні атрымліваць перадачы і і раз на месяц — грашовыя пераводы да 50 000 рублёў.

Жонка Аляксандра Шалайкі Вера згадала, што падчас ператрусу Аляксандр добраахвотна выдаў газавы пісталет, на які меў дазвол. Потым па тэлебачаньні было сказана, што канфіскавалі зброю.

Веру крыху супакойвае толькі тое, што яе муж не губляе пачуцьцё гумару.

(Вера Шалайка: ) «Нават даслаў мне ліст, у якім папрасіў перадаць яму «Фэры» для унітазу. Сочыць там за сваёй гігіенай, глядзіць тэлебачаньне… Я ўяўляю, як яны ўспрынялі тое, што казаў па тэлебачаньні наш прэзыдэнт. На мой погляд, гэта ня робіць яму гонару пад час прэзыдэнцкіх выбараў».

Маці Эніры Браніцкай вельмі непакоіцца за сваю дачку, бо Эніра хварэе на язву страўніка.

(Віялета Браніцкая: ) «Здароўе ў яе слабае, у яе язва. Пры любым хваляваньні яна можа абвастрыцца. Мне, канечне, хочацца, каб яна была здаровая. А ўтрыманьне ў турме ня дадае нашым грамадзянам здароўя».

Сваякі арыштаваных сяброў «Партнэрства» Цімафея Дранчука, Эніры Браніцкай, Аляксандра Шалайкі і Міколы Астрэйкі спадзяюцца на дапамогу грамадзкасьці. Зьвяртацца ў КДБ і пракуратуру, якія вядуць сьледзтва, яны лічаць бессэнсоўным.