19 сакавіка на Кастрычніцкую плошчу Менску прыйшло каля 30 000 чалавек

19/03/2006

Перад прысутнымі выступілі кандыдаты Аляксандар Мілінкевіч і Аляксандар Казулін. Яны падзякавалі людзям, што перамаглі страх, не паддаліся на правакацыі ўладаў і прыйшлі абараніць свой выбар. Наступная акцыя на Кастрычніцкай плошчы заплянаваная на палову сёмай вечара 20 сакавіка.

А 20-й гадзіне 19 сакавіка на Кастрычніцкай плошчы сабралася некалькі тысяч чалавек. Многія людзі нават сумняваліся, што людзей зьбярэцца шмат. Але за той час, пакуль чакалі зьяўленьня Аляксандра Мілінкевіча, колькасьць людзей значна вырасла. Міліцыянты ацэньвалі колькасьць сабраных на плошчы да 30 000 чалавек. Над сабранымі луналі бел-чырвона-белыя сьцягі, Эўрапейскага зьвязу, Украіны, Грузіі, Расеі і руху «Зубр».

На самой плошчы міліцыянтаў фактычна не было, але на вуліцах прылеглых да Адміністрацыі прэзыдэнта, стаяла шмат аўтобусаў і машынаў з байцамі спэцназу, а за людзьмі, што сабраліся на плошчы, назіралі палкоўнік Паўлічэнка і кіраўнік арганізацыі вэтэранаў спэцназу Юры Сівакоў.

Тым часам на плошчу прыехаў Аляксандар Мілінкевіч разам з жонкай Інай Кулей і паплечнікамі. Мілінкевіч зьвярнуўся да людзей з такімі словамі:

(Мілінкевіч: ) «Дарагія суайчыньнікі! Сябры мае! Дзякуй вам, што вы прыйшлі на гэтую плошчу. Дзякуй вам, што вы перамаглі страх. Дзякуй вам, што вы не паддаліся на іхнія правакацыі. Мы разам! І мы пераможам!»

На мітынгу таксама выступілі кіраўнік яго штабу Сяргей Калякін, Анатоль Лябедзька ды іншыя лідэры апазыцыі, а таксама замежныя госьці.

Праз нейкі час на трыбуне зьявіўся і Аляксандар Казулін з паплечнікамі і сьвятарамі Аўтакефальнай Праваслаўнай царквы. Спадар Казулін таксама прамовіў да прысутных:

(Казулін: ) «Народ Беларусі! Вы — свабодныя! Ура! Ніхто ня зможа паставіць нас на калені! У нас ёсьць толькі адзін Госпад Бог, якому мы верым. Усе астатнія сьмяротныя павінны быць слугамі свайго народу. Давайце ўсе разам дапаможам Лукашэнку сысьці на заслужаны адпачынак».

Аляксандар Казулін таксама прапанаваў дамагацца ад ўладаў новага сумленнага пераліку выбарчых бюлетэняў. Лічбы, што агучваюцца Цэнтарвыбаркамам, абодва кандыдаты назвалі сфальшаванымі.

Неўзабаве над плошчай пачалася сьнежная віхура і частка ўдзельнікаў мітынгу пакінулі плошчу. Але каля двух дзясяткаў тысяч чалавек разам з кандыдатамі прайшлі на плошчу Перамогі, дзе ўсклалі кветкі да помніка.

Спадары Мілінкевіч і Казулін заклікалі людзей прыйсьці на плошчу зноў сёньня а палове сёмай вечара.

 

Радыё Свабода