Учора падчас пасяджэньня Генэральнай асамблеі Арганізацыі аб’яднаных нацыяў было абрана 47 членаў новай Рады ААН ў правох чалавека. Беларусі ў яе складзе няма.
У сакавіку 2006 года было прынятае рашэньне аб замене ранейшай Камісіі ў правох чалавека Радай. Камісію часта крытыкавалі за тое, што ў яе склад уваходзяць прадстаўнікі краін, дзе парушаюцца правы чалавека, у прыватнасьці — Беларусі, Кітая, Зымбабвэ і Судана.
Зь іншага боку, камісія нярэдка выступала з крытыкай становішча з правамі чалавека ў гэтых краінах. Напрыклад, тры апошнія гады камісія штогод прымала рэзалюцыі з рэзкай крытыкай сытуацыі ў Беларусі. У прыватнасьці, у леташняй рэзалюцыі камісіі «выказвалася заклапочанасьць у сувязі з магчымай датычнасьцю высокапастаўленых службовых асобаў Беларусі да зьнікненьня лідэраў апазыцыі і журналіста Зьмітра Завадзкага, занепакоенасьць працэсам арганізацыі і правядзеньня выбараў у Беларусі, адвольнымі арыштамі і затрыманьнямі, перасьледам і закрыцьцём няўрадавых арганізацыяў, незалежных мэдыяў і апазыцыйных палітычных партыяў».
Дарэчы, тэкст менавіта гэтай рэзалюцыі камісіі ААН у правох чалавека спрабавала распаўсюдзіць чэскае пасольства ў Менску, што было расцэнена беларускімі ўладамі як распаўсюд прапагандысцкіх матэрыялаў.
Зьмена фармату працы, ператварэньне Камісіі ў Раду ня надта паўплывала на зьмену яе складу. Агульным галасаваньнем генасамблеі ў яе былі ўключаныя Кітай, Пакістан, Саудаўская Аравія і Куба. З краін СНД сябрамі Рады сталі Азэрбайджан, Расея і Украіна. Армэнія і Грузія ня здолелі набраць неабходную колькасьць галасоў.
Сябрамі Рады сталі Нямеччына, Францыя, Вялікабрытанія, Швайцарыя, Фінляндыя, а таксама Польшча, Чэхія, Румынія і Вугоршчына.
Беларусь і ЗША не выносілі свае кандыдатуры на галасаваньне, хаця абедзьве яны ўваходзілі ў лік краін — сябраў камісіі.
Абраньне складу Рады ААН у правох чалавека мы папрасілі пракамэнтаваць палітоляга Андрэя Фёдарава:
(Фёдараў: ) «Я мяркую, што Беларусь не падавала сваю кандыдатуру таму, што ведала папярэдні расклад, памятала рэзалюцыі ранейшай камісіі і ведала, што ня пройдзе. Злучаныя Штаты былі наагул супраць стварэньня гэтай Рады, таму яны і не спрабавалі стаць яе сябрам.
Тое, што прайшлі такія краіны, як Расея, Куба, Саудаўская Арабія, Кітай — гэта даволі зразумела, краіны ўплывовыя, і шмат хто іх падтрымлівае часам з мэркантыльных меркаваньняў.
Тут, на мой погляд, галоўнае — гэта тое, хто наагул стаў сябрам Рады. Без краін, у якіх ёсьць праблемы з правамі чалавека, у любым выпадку не абышлося. Галоўнае — ці будзе перавага ў сапраўды дэмакратычных краін, калі справа ў Радзе будзе даходзіць да галасаваньня.
На жаль, цяжка пагадзіцца зь меркаваньнем, што ператварэньне Камісіі ў Раду павялічыць уплыў на тыя краіны, дзе з правамі чалавека існуюць праблемы. Тут справа не ў большасьці галасоў, а ў наяўнасьці тых ці іншых рычагоў уплыву. Пакуль што, мне здаецца, простая зьмена фармату гэтых рычагоў не дадае».
Юры Дракахруст
Радыё Свабода