16-я суткі ідзе акцыя пратэсту «Маладога фронту»

13/06/2006

16-я суткі працягваецца эстафэтная галадоўка актывістаў незарэгістраванай арганізацыі «Малады фронт». На сёньняшні дзень галадаюць 23 чалавекі. Яны арандавалі кватэру ў Менску, каб трымацца разам. Галадоўку апазыцыянэры абвясьцілі 29 траўня.

Напачатку ў акцыі ўдзельнічалі больш за чатыры дзясяткі чалавек. Потым непаўналетнія спынілі галадоўку на просьбу кіраўніцтва арганізацыі. Яшчэ некалькі чалавек выйшлі з галадоўкі з прычыны стану здароўя. Але да акцыі далучыліся новыя ўдзельнікі.

Галадоўнікі, у асноўным сябры незарэгістраванай арганізацыі «Малады фрот», патрабуюць спыніць крымінальныя справы супраць актывістаў сваёй арганізацыі, выключэньні з навучальных установаў за ўдзел у апазыцыйных акцыях, перасьлед вернікаў-хрысьціянаў, а таксама вызваліць усіх палітвязьняў.

Удзельнікі акцыі пратэсту арандавалі прыватную кватэру, дзе будуць трымацца разам. Пакуль там знаходзіцца каля дзясятка чалавек. Апазыцыянэры плянуюць, што цягам сутак іх колькасьць узрасьце ўдвая. Сустаршыня незарэгістраванай арганізацыі «Малады фронт» Зьміцер Дашкевіч галадае 13-я суткі. Ён далучыўся да акцыі, як толькі выйшаў на волю пасьля адбыцьця арышту ў турме на Акрэсьціна. Зьміцер мае праблемы са здароўем, але не пакідае акцыі.

(Дашкевіч: ) «Актывісты яшчэ пад’яжджаюць сюды са ўсё Беларусі. Мы плянуем, што ў адной кватэры будуць знаходзіцца каля 15 чалавек і праводзіць акцыю разам. Астатнія займаюцца сваімі справамі — там, дзе жывуць. Пакуль яны ў стане фізычна рухацца, будуць галадаць, а потым будуць, напэўна, выходзіць з галадоўкі, бо не ва ўсіх атрымліваецца прыехаць у Менск. Для нас самае галоўнае — узьняць праблемы ў грамадзтве: рэпрэсіі супраць моладзі, палітзьняволеныя, закрыцьцё хрысьціянскіх цэркваў».

Артур Фінькевіч, які займаецца арганізацыйнымі пытаньнямі, непакоіцца за свайго сябра. Гаворыць Артур Фінькевіч:

(Фінькевіч: ) «Сёньня стан здароўя Зьмітра Дашкевіча пагоршыўся. Ён захварэў, у яго падвысілася тэмпэратура. Але ён не зьбіраецца спыняцца на гэтым. Ён ня спыніцца ні перад чым. Гэта мужны, адданы, шчыры чалавек, як і тыя людзі, якія цяпер знаходзяцца побач зь ім, патрабуючы спыніць перасьлед маладафронтаўцаў і крымінальную справу супраць «Маладога фронту».

У менскай кватэры сярод галадоўнікаў Алесь Паплыка. Ён галадае восьмыя суткі. Хлопец прыехаў з Магілёва, каб быць разам зь іншымі ўдзельнікамі акцыі.

(Паплыка: ) «Іншых мэтадаў няма — як яшчэ выказаць сваё стаўленьне да таго, што адбываецца ў краіне? Мы будзем галадаць столькі, колькі патрэбна, каб дабіцца сваіх патрабаваньняў… Есьці ня хочацца. Нармалёва сябе адчуваю. Галава толькі крыху баліць… А так, усё нармалёва. Будзем трымацца».

Афіцыйныя ўлады дагэтуль не далі адказу на звароты апазыцыянэраў. Паводле заканадаўства, заяву, накіраваную ў пракуратуру з патрабаваньнем спыніць крымінальныя справы супраць маладафронтаўцаў, могуць далучыць да крымінальнай справы. У іншым выпадку адказ мусяць даць заяўнікам цягам месяца. Ад пачатку галадоўкі некалькіх удзельнікаў акцыі выклікалі да сьледчых, каб тыя далі тлумачэньні ў крымінальнай справе супраць маладафронтаўцаў.

 

Любоў Лунёва
Радыё Свабода