Марафон салідарнасьці зь Беларусьсю

19/07/2006

16 і 17 ліпеня ў ЗША адбыліся акцыі салідарнасьці зь Беларусьсю. У нядзелю, 16 ліпеня, сябры Беларускай Ініцыятывы ў штаце Мінэсота пратэставалі супраць палітычна матываваных арыштаў дэмакратычных актывістаў. Удзельнікі акцыі падкрэсьлілі, што асабліва зараз, калі былы кандыдат на пасаду прэзідэнта Аляксандар Казулін быў несправядліва асуджаны на пяць з паловай гадоў, а актывісты “Партнэрства” знаходзяцца ў чаканьні закрытага судзебнага працэсу, вялізнае значэньне для беларускага дэмакратычнага руху мае падтрымка з боку міжнароднай супольнасьці.

17 ліпеня прайшла ўжо традыцыйная акцыя пратэсту ў Вашынгтоне. Каля дваццаці чалавек сабраліся ў панядзелак ля беларускай амбасады са сьцягамі і транспарантамі, дзе яны таксама раздавалі ўлёткі зь інфармацыяй пра лёс палітычных зьняволеных і рэпрэсіі супраць грамадзкіх актывістаў. Як і ў мінулыя разы, ніхто з супрацоўнікаў амбасады да пікетчыкаў не выходзіў, а вось вашынгтонцы выказвалі надзвычайную зацікаўленасьць і падтрымку. У акцыі ўзялі ўдзел беларускія і амэрыканскія студэнты, актывісты разнастайных грамадзкіх арганізацыяў і ініцыятываў, а таксама прадстаўнікі ўкраінскай дыяспары.