На Гомельшчыне абагульненыя зьвесткі пра перасьлед грамадзкіх актывістаў

02/08/2006

Грамадзкія і партыйныя арганізацыі Гомельскай вобласьці абагульнілі зьвесткі аб арыштах, штрафах і іншых формах перасьледу, якім падвяргаліся грамадзкія актывісты за апошнія месяцы. У пэрыяд, які прайшоў з канца мінулага году, ня меней чым 44 чалавекі з Гомельшчыны былі пакараныя ў сувязі з удзелам у перадвыбарчай агітацыі, распаўсюдзе незалежных выданьняў і акцыях пратэсту.Найбольшая колькасьць сярод іх — 26 чалавек — падвергліся арыштам (у тым ліку 4 дзяўчыны). На 15 сутак былі пасаджаныя дзесяць грамадзянаў, на 10 — трое, на 8 — адзін, на 7 сутак – восем, на 5 — трое. А Ўладзімер Кацора, які ў час прэзыдэнцкіх выбараў быў кіраўніком абласнога штабу А. Мілінкевіча, быў арыштаваны двойчы — на 8 і на 10 сутак. Больш за ўсё арыштаваных — з Гомеля і Сьветлагорскага раёну: па 9 чалавек; у Жыткавіцкім раёне, Мазыры і Калінкавічах – па 2, па адным — у Рагачове і Рэчыцы. Афіцыйныя прычыны арыштаў — дробнае хуліганства (14 выпадкаў), удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве (8 выпадкаў), парушэньне парадку пікетаваньня (3 выпадкі — калі ў час перадвыбарчай агітацыі актывісты стаялі на вуліцах з партрэтамі А. Мілінкевіча), непадпарадкаваньне супрацоўнікам міліцыі (2 выпадкі) і зьнявага супрацоўніка выканкаму (1 выпадак).

Сярод тых, хто «парушалі парадак», «аказвалі непадпарадкаваньне супрацоўнікам міліцыі» і «выкрыквалі лёзунгі» — найчасьцей студэнты і моладзь, аднак ёсць і пэнсіянэр, урач, юрыст… Паводле зьвестак Гомельскага гарадзкога аддзяленьня грамадзкага аб’яднаньня «Прававая ініцыятыва», некаторыя з арыштаваных падвяргаліся таксама штрафам.

Ня менш 14-і грамадзянаў у гэтым сьпісе былі «толькі» аштрафаваныя: зь іх 5 — у Сьветлагорску, 3 — у Жлобіне, 2 — у Гомелі, па адным — у Брагіне, Добрушы, Мазыры і Рагачове. Агульная сума штрафаў склала ня менш за 3 628 000 руб. Шэраг актывістаў страцілі працу ці вучобу, на многіх аказваўся ўціск з боку адміністрацыі па месцы працы альбо навучаньня.

 

Тэльман Масьлюкоў
belngo.info