«New Statesman» назваў Лукашэнку адным з галоўных дыктатараў сьвету

04/09/2006

Апошні выпуск брытанскага грамадзка-палітычнага часопісу «New Statesman» разглядае фэномэн дыктатуры. Часопіс вызначыў таксама дзясятку галоўных дыктатараў сьвету.

Сярод першых дзесяці дыктатараў, паводле вэрсіі брытанскага часопісу — Пэрвэз Мушараф (Пакістан), Аляксандар Лукашэнка (Беларусь), Аятала Алі Хамэйні (Іран), Кім Чэн Ір (Паўночная Карэя), Сапармурат Ніязаў (Туркмэністан), Ху Цзыньтао (Кітай), Тэадор Абіянг Нугема Мбасога (Экватарыяльная Гвінэя), Абдула ібн Абдул Азіс аль Саід (Савудаўская Арабія), шэйх Махамэд бэн Рашыд аль Мактум (Дубай), былы кіраўнік Парагваю Альфрэд Стрэснэр.

Галоўнымі дыктатарамі аўтары назвалі тых кіраўнікоў, якія спалучаюць моцную асабістую ўладу з рэпрэсіўнымі захадамі — ад цэнзуры друку да ліквідацыі палітычных праціўнікаў. Аўтары зьвяртаюць увагу на тое, што ўсе дыктатары схільныя да кічу. Яны любяць мудрагелістыя фрызуры, надта шыкоўныя яхты, носяць вайсковае адзеньне.

Ёсьць і індывідуальныя прыкметы. Як падкрэсьліваюць аўтары, калі б не характар Лукашэнкі, нямногія ў сьвеце ведалі б пра існаваньне Беларусі. Брытанскі часопіс называе беларускага лідэра «дыктатарам на парозе Эўропы», а характэрнымі якасьцямі беларускага лідэра лічыць «нахабства й нетактоўнасьць». Брытанскія аўтары адзначаюць, што за савецкім часам гэтыя рысы не дазволілі б Лукашэнку трапіць у першы эшалён КПСС.

Паводле аўтараў, Беларусь — маладая дзяржава, якая, па сутнасьці, «ня хоча быць дзяржавай». Згадваецца, што менавіта імкненьне да беларуска-расейскай інтэграцыі ды імідж «чалавека з народу» дапамаглі Аляксандру Лукашэнку перамагчы на першых постсавецкіх прэзыдэнцкіх выбарах. Увогуле, было падпісана шмат двухбаковых дакумэнтаў дзеля аб’яднаньня. Але Масква, як піша часопіс, заўсёды імкнецца абмінуць праблему, калі трэба прыняць канкрэтнае рашэньне.

Тым часам Лукашэнка, піша «New Statesman», працягвае займацца сваёй любімай справай — пошукамі ворагаў. Менавіта энтузіязм, зь якім ён гэта робіць, дазволіў беларускаму лідэру прэтэндаваць на адну з вышэйшых пазыцыяў у сьпісе дыктатараў сьвету. Падчас кіраваньня Лукашэнкі пачалі зьнікаць палітычныя апанэнты рэжыму.

У Беларусі дзейнасьць дыпляматаў з краінаў, што падтрымліваюць апазыцыю, пільна адсочваецца спэцслужбамі. Працаваць у замежных дыпмісіях на тэрыторыі Беларусі небясьпечна. Ня так даўно пры нявысьветленых абставінах загінулі віцэ-консул Польшчы і супрацоўнік літоўскай амбасады, піша брытанскі часопіс.

Больш падрабязна з матэрыяламі можна пазнаёміцца на сайце часопісу www.newstatesman.com