Амэрыканская недзяржаўная арганізацыя Freedom House распаўсюдзіла штогадовую справаздачу, у якой ацэньваецца стан правоў чалавека ў 192 краінах сьвету і адпаведна гэтыя краіны дзеляцца на «Свабодныя», «Часткова свабодныя» і «Несвабодныя». Да апошняй катэгорыі чарговы раз залічаная Беларусь.
У сёлетняй справаздачы ацэньваюцца падзеі ў краінах ад 1 сьнежня 2004 году, да 30 лістапада 2005 году. 46% усіх гэтых дзяржаваў прызнаныя «Свабоднымі» — кожная трэцяя — часткова свабоднымі, а 24% — несвабоднымі.
Сярод несвабодных і Беларусь, якая апынулася ў гэтай катэгорыі ўжо дзесяты раз, ад 1996 году, калі Freedom House пачала рабіць свае справаздачы.
У дакумэнце адзначаецца, што аранжавая рэвалюцыя ва Украіне «справакавала беларускія ўлады на барацьбу супраць «актаў бандытызму» — гэтак сам Лукашэнка акрэсьліў выбарчыя рэвалюцыі».
«Яшчэ больш апазыцыйных палітыкаў былі ізаляваныя ад палітычнага жыцьця – Міхаіл Марыніч, Сяргей Скрабец, Мікола Статкевіч, Павал Севярынец… Абмяжоўваецца таксама поле, на якім могуць дзейнічаць апазыцыйныя партыі, грамадзкія арганізацыі — іх пазбаўляюць рэгістрацыі, а за дзейнасьць ад імя незарэгістраваных арганізацыяў пагражае жорсткае пакараньне…», — адзначаецца ў справаздачы.
Freedom House зьвяртае таксама ўвагу на тое, што «рэжым Аляксандра Лукашэнка пасьлядоўна абмяжоўвае свабоду незалежных мэдыяў».
«Цэнзура і перасьлед незалежных СМІ гэта штодзённая рэчаіснасьць у Беларусі, у той час як дзяржаўныя мэдыі падтрымліваюцца дзяржавай, беларускае тэлебачаньне цалкам падпарадкаванае дзяржаве і не падае ніякіх альтэрнатыўных поглядаў на падзеі», — гаворыцца ў дакумэнце.
У справаздачы адзначаецца таксама, што нягледзячы на гарантаваную канстытуцыяй свабоду веравызнаньня, «прэзыдэнцкія дэкрэты і ўмовы рэгістрацыі значна ўскладнілі працу рэлігійных групаў». Што да сыстэмы адукацыі, дык Freedom House падкрэсьлівае што яна «знаходзіцца пад моцным ідэалягічным націскам, а студэнты і выкладчыкі, якія падтрымліваюць апазыцыю — выключаюцца з ВНУ і звальняюцца з працы»
«Беларускія ўлады таксама абмяжоўваюць свабоду сходаў перадусім для групаў незалежных, якія маюць крытычнае стаўленьне да цяперашняга кіраўніка краіны. Дазволы на правядзеньне масавых акцыяў выдаюць мясцовыя ўлады, якія па ўласным жаданьні могуць даць альбо ня даць такі дазвол», — гаворыцца ў штогадовай справаздачы амэрыканскай недзяржаўнай арганізацый Freedom House.
Аляксей Дзікавіцкі
Радыё Свабода