Лiст з такiмi пытаннямi ў апошнi дзень жнiўня Аб`яднаная грамадзянская партыя даслала на iмя А.Лукашэнкi. АГП патрабуе, каб 16 верасня А.Лукашэнка праз сродкi масавай iнфармацыi праiнфармаваў грамадскасць аб вынiках расследавання гвалтоўных знiкненняў Вiктара Ганчара, Юрыя Захаранкi, Анатоля Красоўскага i Дзмiтрыя Завадскага. «Настаў час альбо чэсна сказаць, што здарылася сем гадоў таму з лiдэрамi палiтычнай апазiцыi, а таксама iх калегамi, альбо прызнаць сваю бездапаможнасць i незацiкаўленасць у раскрыццi гэтых злачынстваў», — гаворыцца ў звароце.
«Пры той колькасцi матэрыялаў i дакументаў, якiя былi надрукаваныя ў сродках масавай iнфармацыi, а таксама дастатковай наяўнасцi сведкаў рабiць выгляд глуханямога сляпца — значыць публiчна пацвярджаць сваю датычнасць да палiтычных забойстваў», — гаворыць старшыня АГП Анатоль Лябедзька.
— Я разумею, што хутчэй за ўсё наш лiст пакiнуць без адказу, — сказаў Анатоль Уладзiмiравiч у iнтэрв`ю «Народнай волi». — У мяне ёсць такi сумны вопыт супрацоўнiцтва з Аляксандрам Рыгоравiчам, калi той нават публiчна абяцаў нешта зрабiць, але не трымаў слова. У прыватнасцi, гэта датычыцца дзейнасцi вядомага фонду Махмуда Эсамбаева. Лукашэнка на сесii парламента прылюдна паабяцаў, што прадставiць матэрыялы наконт дзейнасцi гэтага фонду ў Беларусi, але… Таму мы не цешым сябе iлюзiяй, што атрымаем адказ ад самога Лукашэнкi цi ад кагосьцi з высокапастаўленых чыноўнiкаў наконт гвалтоўнага знiкнення Вiктара Ганчара i Анатоля Красоўскага. Аднак 16 верасня — гэта нагода яшчэ раз нагадаць аб тым, што здарылася. Нагадаць аб тым, што ёсць такая праблема. Я лiчу, што калi пастаянна бiць у званы, то iх голас нарэшце пачуюць…
— У дзень знiкнення Захаранкi, Ганчара, Красоўскага i Завадскага людзi традыцыйна прыходзiлi на Кастрычнiцкую плошчу…
— Не будзе выключэння i на гэты раз. Наша месца ў гэты дзень на плошчы, бо мы памятаем…
— Скажыце, Аб`яднаная грамадзянская партыя ўласнымi сiламi праводзiць пошук дадатковай iнфармацыi па гэтых справах?
— Я лiчу, што матэрыялаў i доказаў ужо дастаткова для таго, каб пачынаць судовы працэс. Калi не ў Беларусi, то ў Еўропе.
— Пра мiжнародны судовы працэс кажуць ужо не першы год. Наколькi, па-Вашаму, вялiкая верагоднасць таго, што ён адбудзецца?
— Мiжнародны грамадскi суд абавязкова адбудзецца. I адно з галоўных пытанняў, якое будзе разглядацца падчас працэсу, — гэта гвалтоўныя знiкненнi i палiтычныя забойствы апанентаў беларускага рэжыму. Я не маю нiякiх сумненняў на гэты конт. Беларускаму юрыдычнаму суду застанецца толькi падтрымаць прысуд. Я не веру ў тое, што беларуская ўлада не датычная да знiкненняў гэтых людзей. Калi за сем год яна не знайшла злачынцаў, не расследавала належным чынам гэтыя знiкненнi, значыць, яна сама мае да iх дачыненне…
З архiва «Народнай волi»
Старшыня Цэнтральнай выбарчай камiсii Вiктар Ганчар i бiзнесмен Анатоль Красоўскi не вярнулiся дадому 16 верасня 1999 года. Яны разам вярталiся з лазнi па вулiцы Фабрычнай. Пазней недалёка ад месца iх гвалтоўнага знiкнення былi знойдзены асколкi шкла джыпа «Чероки”, якi належаў Красоўскаму.
З матэрыялаў крымiнальнай справы №110351:
«Пры аглядзе месца здарэння — тэрыторыi, прылягаючай да будынка лазнi па вул.Фабрычнай, 20а, — на асфальтавым пакрыццi дарогi, якая вядзе ад лазнi на вул. Фабрычную, былi знойдзены асколкi шкла белага i жоўтага колеру, восып празрыстага шкла i бурыя плямы, падобныя на кроў. Знойдзены таксама сляды тармажэння аўтамашыны i след яе ўдару аб дрэва, з якога ўзяты ўзоры фарбы чырвонага колеру».
Як паказала экспертыза, шкло i фарба сапраўды належаць машыне Красоўскага. А «бурыя плямы, падобныя на кроў», — па заключэннi экспертаў — кроў чалавека групы 0 (1). Геномная экспертыза з верагоднасцю 99,9998% устанавiла, што кроў належыць Вiктару Ганчару.
У сродках масавай iнфармацыi паведамлялi, што знайшоўся сведка, якi ў дзень знiкнення Ганчара i Красоўскага каля лазнi бачыў чырвоную БМВ, у якой сядзелi тры чалавекi. А жанчына, якая працавала ў лазнi, узгадала, што чула крыкi аб дапамозе, шум, мужчынскiя галасы…
З заключэння следчай групы:
«З вялiкай верагоднасцю можна зрабiць вывад аб тым, што аўтамашына Красоўскага А.С. была спынена пры выездзе з лазнi. Пасля чаго А.Красоўскi i В.Ганчар насiльна былi скрадзены нявысветленымi асобамi i звезены ў невядомым накiрунку. Аднак у ходзе следства не высветлены далейшы лёс Ганчара, Красоўскага, а таксама асоб, якiя iх скралi».
З рапарта былога кiраўнiка Галоўнага ўпраўлення Крымiнальнай мiлiцыi Мiнiстэрства ўнутраных спраў Беларусi генерала Мiкалая Лапацiка:
«Акцыя захопу i далейшага знiшчэння Захаранкi ажыццяўлялася групай ваеннаслужачага спецназа на чале з Паўлiчэнкам (камандзiр ваеннай часцi 3214). Па аналагiчнай камбiнацыi 16.09.1999 года Паўлiчэнка i яго група правялi акцыю захопу i знiшчэння В.Ганчара i А.Красоўскага. Мяркуемае месца пахавання трупаў — спецучастак на Паўночных могiлках”.
Як сцвярджае былы кiраўнiк СIЗА №1 Алег Алкаеў, Ганчар, Красоўскi i Захаранка былi забiты з так званага расстрэльнага пiсталета, якi выдаваўся па загадзе былога мiнiстра ўнутраных спраў Ю.Сiвакова.
З даклада спецдакладчыка Хрыстаса Пургурыдэса:
«Расстрэльны пiсталет, якi захоўваўся ў спадара Алкаева, якi ажыццяўляў у Беларусi смяротныя пакараннi, двойчы выдаваўся ў перыяды, якiя супадаюць са знiкненнямi Захаранкi 7 мая 1999 года, Ганчара i Красоўскага 16 верасня 1999 года.
Улады не могуць прадставiць альтэрнатыўнага тлумачэння часовых канфiскацый пiсталета».